Дваім жыхарам Рэчыцы прысудзілі арышты праз відэаканферэнцыю

Палеская Вясна 01.05.2020

Новы спосаб разгляду справаў аб адміністрацыйных правапарушэннях выпрацавалі сумесна Упраўленне унутраных справаў Гомельскага аблвыканкама і Гомельскі абласны суд. Першыя разгляды прайшлі ў Рэчыцы.


Фота: gomel.mvd.gov.by


Як паведамляе сайт Гомельскага УУС, першымі справамі, якія разглядаліся праз відэаканферэнцыю, сталі адміністрацыйныя справы супраць двух жыхароў Рэчыцы, якіх абвінавачвалі ў здзяйсненні правапарушэнняў, прадугледжаных артыкуламі 10.5 (дробны крадзёж) і 17.1 (дробнае хуліганства). Асобы, супраць якіх вяліся працэсы, былі раней затрыманыя і знаходзіліся ў ізалятары часовага ўтрымання Рэчыцкага РАУС. Іх не прывозілі ў суд. Разгляд справаў адбываўся праз інтэрнэт сродкамі відэаканферэнцыі.


Ізалятар часовага ўтрымання Рэчыцкага РАУС

Начальнік аддзела наглядна-выканаўчай дзейнасці УУС Аляксей Матарас распавёў сайту ГУУС, што для арганізацыі відэаканферэнцыі выкарыстоўвалася праграмнае зябеспячэнне «з закрытым кодам». Што гэта азначае, у паведамленні не ўдакладняецца. У той жа час, сцвярджаецца, што такі спосаб разгляду справаў дазволіць скараціць выдаткі на перавозку адміністрацыйна затрыманых з ІЧУ ў суды і назад ды мінімізаваць рызыку распаўсюду інфекцыі COVID-19. Такую практыку мяркуюць працягнуць і ў іншых раёнах вобласці.

Палеская Вясна папрасіла пракаментаваць новую практыку кіраўніка Рэчыцкай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валера Пуціцкага:

«Тое, што суды і міліцыя раптам занепакоіліся рызыкай траплення ў месцы зняволення каронавірусу – вартае ўхвалы. Але, падаецца, што асноўная прычына такога новаўвядзення – імкненне пазбавіцца выдаткаў сродкаў і часу на транспартаванне абвінавачаных у суд. Тым не менш, варта звярнуць увагу, што з гледзішча правоў чалавека гэтая практыка належным чынам не арганізаваная. Артыкул 114 Канстытуцыі прадугледжвае, што разбор справаў ва ўсіх судах адкрыты. Гэта значыць, што любы грамадзянін мае права прысутнічаць на разглядзе любой справы, акрамя тых, разгляд якіх, паводле адмысловай працэдуры ў адпаведнасці з законам, ажыццяўляецца ў закрытых паседжаннях. У гэтых жа відэаканферэнцыях адкрытасць не забяспечаная. Калі суды і міліцыя маюць намер працягваць практыку разгляду справаў праз відэасувязь, яны павінны арганізоўваць такія відэаканферэнцыі, якія дазволяць падлучацца да іх усім ахвочым і паведамляць пра такія анлайн-паседжанні на нейкім сайце. Інакш, падобную практыку магчыма будзе выкарыстаць для бескантрольных рэпрэсіўных мераў, якімі, як вядома, наша праваахоўная сістэма не грэбуе»