«...Бо сядзеш на доўга-доўга. Зразумеў?» Блогеру з Акцябрскага зноў пагражаюць
Палеская Вясна
07.04.2020
Новая правакацыя супраць блогера.
Як паведамляе Служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў, увечары 3 сакавіка відэаблогеру, сябру ГА «БАЖ» Андрэю Павуку патэлефанаваў незнаёмец з мабільнага нумара +375333104920, які назваўся Аляксандрам Фарыдавічам. Сувязь абарвалася. Праз тры хвіліны той жа незнаёмец тэлефанаваў ужо з нумара +79677314403 і заявіў, што ён намеснік начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку УУС Гомельскага аблвыканкама Файзулін Аляксандр Фарыдавіч, — паведаміў Андрэй Павук карэспандэнту службы маніторынгу ГА «БАЖ».
Невядомы ад імя Файзуліна стаў выказваць на адрас блогера пагрозы: «Перастань запускаць ужо свае ролікі, уладкуйся на працу… Мы ж будзем супраць вас шукаць нейкія іншыя рычагі ўздзеяння. Ну штосьці, напрыклад, ад вашага імя замініраваць альбо знайсці забаронены які-небудзь прадмет у вас».
Паводле слоў блогера, голас у мабільніку з кожнай хвілінай рабіўся ўсё больш жорсткім, адкідваліся ўсялякія сантыменты: «Давай, сынок, заканчвай усялякай ерундой займацца і бярыся за галаву, а не то сядзеш на доўга-доўга. Зразумеў?»
Андрэй Павук наважваўся задаць некалькі пытанняў «суразмоўцу», кшталту, што ён парушае ці робіць няправільна? Але незнаёмец абрываў яго: «Таму што, бл… Не трэба пытанняў! Тут я пытанні задаю! Калі ты ўжо сядзеш туды, куды трэба, тады і будзеш ведаць, што парушыў».
Адразу пасля размовы Павук патэлефанаваў на першы нумар, але на другім баку мужчына адказаў, што адбылася нейкая памылка — ён не тэлефанаваў блогеру. І параіў званіць на нумар 102 у міліцыю.
Андрэй Павук запісаў пранкера і выклаў размову на YouTube а яшчэ падрыхтаваў электронныя звароты ў пракуратуру, УУС і УКДБ з просьбай правесці праверку па згаданым факце, знайсці тэлефоннага хулігана і пакараць у адпаведнасці з заканадаўствам.
Нагадаем, што гэта ўжо не першая падобная пагроза на адрас вядомага блогера, заснавальніка суполкі ў сацыяльных сетках «Рудабельская паказуха» і відэаканала на YouTube з такой жа назвай, дзе блогер мае звыш 13 тысяч падпісчыкаў. З прычыны пагроз і правакацый у дачыненні Андрэя Павука ГА «БАЖ» накіроўвала ліст міністру ўнутраных спраў Беларусі Юрыю Караеву з просьбай вызначыць зламысніка і прыцягнуць да адказнасці. Аднак органы ўнутраных спраў яго так і не выявілі.