Улады Беларусі не хочуць, каб Камітэт ААН у правах чалавека разглядаў скаргу праваабаронцы з Мазыра
Андрусь ГАЁВЫ
14.11.2021
Прадстаўніцтва
рэжыму пры ААН сцвярджае, што спачатку са справай, з якой ужо разбіраўся
вярхоўны суд, павінны пазнаёміцца лукашэнкаўскія пракуроры, тады ўжо можна скардзіцца і ў
ААН.
Уладзімір ЦЕЛЯПУН.
Яшчэ 15 сакавіка 2018 года мазырскі праваабронца Уладзімір Целяпун хацеў зладзіць
адзіночны пікет на мясцовай галоўнай плошчы, якая дагэтуль завецца імём Леніна.
А Мазырскі райвыканкам, вядома ж, не хацеў каб Целяпун ладзіў у горадзе, ды
яшчэ і ў цэнтры, нейкі пікет і выказваў на ім нейкія свае меркаванні. Таму
выканкам Целепуну адмовіў у арганізацыі пікету.
Уладзімір Целяпун, як чалавек законапаслухмяны, вырашыў
абскардзіць гэтую пастанову чыноўнікаў у так званым судзе. Скаргу, натуральна,
разглядаў прызначаны Лукашэнкам суддзя. І, як і звычайна ў такіх выпадках, ён
адмовіў у задавальненні скаргі.
Тады Уладзімір Целяпун абскардзіў ужо рашэнне Мазырскага
суда ў Гомельскім абласным судзе. Там таксама законнасць мазырскага рашэння
разгяладалі суддзі, якіх сваім указам прызначыў асабіста Лукашэнка. І яны,
натуральна, прызналі, што суд у Мазыры прыняў правільнае рашэнне, ухваліўшы
зарабарону Целепуну выказваць свае меркаванні праз адзіночны пікет.
Пасля гэтага Уладзімір Целяпун падаў наглядную скаргу на
імя старшыні Гомельскага абласнога суда. Бо, паводле лукашысцкіх законаў, ён
мае права выносіць пратэст на рашэнне, якое набыло законную сілу. Але старшыня
Гомельскага абласнога суда, таксама, дарэчы, прызначаны асабіста Лукашэнкам,
скаргу не задаволіў.
Целяпун ускарыстаўся правам звярнуцца са скаргай на імя
старшыні так званага Вярхаўнага суда (яго, як і ўсіх ягоных намеснікаў таксама
прызначыў Лукашэнка). Старшыні самому было не да таго, таму скаргу разглядаў
адзін з ягоных намеснікаў, і, прадказальна, пратэст на рашэнне Мазырскага суда
не вынес, адпаведна, перагляд не ініцыяваў.
Тым не менш, у адказе прадстаўніцтва рэжыму, які
ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, пры ААН сцвярджаецца, што Уладзімір Целяпун, нават
дайшоўшы з абскарджаннямі да старшыні Вярхоўнага суда, не вычарпаў усе
ўнутраныя сродкі абароны сваіх правоў, таму, маўляў, ягоны зварот у Камітэт у
правах чалавека ААН з’яўляецца непрымальным для гэтай структуры і разглядацца
не можа. Прыспешнікі Лукашэнкі паведамляюць ААН, што беларускімі законамі
прадугледжана яшчэ, што пратэсты на судовыя рашэнні могуць выносіць пракуроры. І
таму Целепуну варта зноў прайсці ўсе прыступкі адскарджвання, толькі гэтым
разам па лініі пракуратуры.
Шматлікімі прыкладамі падобных абскарджванняў засведчана,
што па справах, якія закранаюць сферу ажыццяўлення палітычных правоў грамадзян,
пракуроры таксама не прызнаюць парушэнняў і не выносяць пратэсты на судовыя
рашэнні. І гэта ў сваіх заўвагах у іншых падобных справах неаднаразова адзначаў
і Камітэт у правах чалавека ААН.
Таксама прадстаўніцтва лукашыстаў пры ААН тлумачыць, чаму
адмова Целепуну ў правядзенні пікету на плошчы імя Леніна ў Мазыры адпавядае законам,
якія цяпер усталяваныя ў Беларусі. Яны кажуць, што па-першае, Целяпун не
прадставіў дамовы з міліцыяй на тое, што яна будзе ахоўваць грамадскі парадак
падчас ягонага адзіночнага пікету, з камунальнай службай на тое, што яна пасля
таго, як Целяпун скончыць пікетаванне, прыбярэ за ім смецце і з лякарняй на
тое, што яна будзе аказваць медычную дапамогу Целепуну падчас пікетавання. У
той жа час, Целяпун у сваіх скаргах звяртаў увагу на тое, што згаданыя
арганізацыі адмаўляліся складаць дамовы да таго, як Целяпун атрымае дазвол
выканкама, а выканкам, у сваю чаргу, не даў дазволу з-за таго, што няма
дамоваў.
Таксама лукашэнкавы прыспешнікі абгрунтоўваюць законнасць
адмовы ў пікеце тым, што паводле іхняга закону нельга ажыццяўляць права на
мірныя сходы і выказванне меркаванняў у месцах, дзе гэта забаронена. А рашэннем
Мазырскага выканкама, маўляў, для таго, каб праводзіць мірныя сходы грамадзян і
выказваць меркаванні асобнымі грамадзянамі праз пікетаванне, вызначаныя два
месцы ў Мазырскім раёне – стадыён «Спартак» у Мазыры і стадыён «Палессе» ў вёсцы Козенкі.
Таму, пішуць лукашысты, плошча Леніна не з’яўляецца месцам, дзе дапускаецца
правядзенне мірных сходаў.
Тут яны адкрыта маніпулююць сваімі ж нормамі. У іхнім
законе напісана пра месцы, дзе правядзенне так званых масавых мерапрыемстваў
забаронена. А забароны на правядзенне такіх мерапрыемстваў на плошчы Леніна ў
Мазыры нідзе няма (лукашысты ў сваім адказе ААН на яе не спасылаюцца і яе нават
не згадваюць), а тое, што райвыканкам вызначыў нейкія дзве лакацыі для масавых
мерапрыемстваў, не накладае забарону на правядзенне такіх мерапрыемстваў у
іншых месцах раёна.
З усяго, што напісалі лукашысты ў сваім адказе, яны
робяць выснову, што зварот Уладзіміра Целепуна ў Камітэт у правах чалавека ААН
не падлягае разгляду ў гэтай інстанцыі.
Зараз Уладзімір Целяпун рухтуе адказ на рэакцыю рэжыма на
ягоную скаргу. Пасля гэтага Камітэт разгледзіць магчымасць разбіральніцтва
паводле ягонага звароту. Калі прызнае зварот прыймальным, то далей будзе
разглядаць яго па сутнасці.