У Рэчыцы дваім мужчынам прысудзілі абмежаванне волі за падтрымку агульнага меркавання пра ганцавіцкага ката, што нагой душыў чалавека

Палеская Вясна 02.11.2021

Рэчычане сталі ўжо пятым і шостым чалавекамі, якіх рэжым пакараў за іхняе меркаванне, выказанае эмацыйна, наконт аднаго і таго ж прыслужніка лукашыстаў.

Расправы над рэчычанамі прайшлі ў будынку мясцовага суда 1 і 2 лістапада. Абодва рэпрэсіўныя захады ажыццявіў прызначаны асабіста Лукашэнкам суддзёй ад ягонага імя Станіслаў Іванюценка. Першым ён караў Аляксандра Гладкіх. Мужчына яшчэ летась пакінуў каментар у сацыяльнай сетцы Аднакласнікі пад пастом актывісткі Вольгі Карач з нашумелым відэа, на якім бачна, як карнік з МУС, супрацоўнік аўтамабільнай інспекцыі Ганцавіцкага РАУС Ігар Вольніч стаў нагой на шыю ўдзельніку мірнага сходу грамадзян, не згодных з палітыкай улады.


Аляксандр ГЛАДКІХ

Аляксандр Гладкіх напісаў у каментары «Будзь ты пракляты і дзеці твае, выб…дак!» На судзе ён патлумачыў, што быў абураны такім стаўленнем міліцыянта да мірнага пратэстоўца, бо бачыў на відэа, што чалавек, якога Вольніч прыдушыў каленам да зямлі, не аказваў супраціву, ніяк не парушаў нічые правы – проста стаяў на вуліцы свайго горада. Ён прызнаў, што не варта было выкарыстоўваць нецэнзурнае слова, але ад учынка Вольніча эмоцыі Аляксандра Гладкіх зашкальвалі.

Абражаны Ігар Вольніч быў прызнаны ў справе пацярпелым. Але выказаць свае пакуты ад каментара Аляксандра Гладкіх асабіста ён не пажадаў. На суд на сваім «крыўдзіцелем» не палічыў патрэбным з’явіцца. Тым не менш, даслаў суду патрабаванне спагнаць з немаладога мужчыны кампенсацыю маральнай шкоды памерам 1500 рублёў.

Ініцыяваў рэпрэсію ў дачыненні да Аляксандра Гладкіх намеснік пракурора Рэчыцкага раёна Мікалай Ласіца. Ён запатрабаваў ад Іванюценкі пакараць Гладкіх абмежаваннем волі на 2 гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. У выніку паседжанняў Станіслаў Іванюценка задаволіў патрабаванні абодвух служак Лукашэнкі – і Ласіцы, і Вольніча ды прызначыў Аляксандру Гладкіх пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на два гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама абавязаць выплаціць Вольнічу 1500 рублёў кампенсацыі «маральных пакутаў».  

На наступны дзень, 2 лістапада, усё той жа Станіслаў Іванюценка займаўся пакараннем яшчэ аднаго немаладога рэчычаніна – Валерыя Сенечкі. Мужчына пад тым самым відэа з прыдушэннем мірнага дэманстранта напісаў слова «говнодав». Чамусьці рэжым вырашыў, што гэтым словам Сенечка абразіў менавіта МУСаўца, які ціснуў дэманстранта.


Валерый СЕНЕЧКА.

У выніку працэсу Іванюценка прысудзіў Сенечку 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а таксама выплаціць кампенсацыю ганцавіцкаму карніку яшчэ 1500 рублёў.