У Мазыры затрымалі супрацоўніка нафтаперапрацоўчага завода (ДАПОЎНЕНА)

Палеская Вясна 08.10.2021

Нагода для затрымання пакуль невядомая.


Андрэй ПАЛТАРАН. Скрын-шот з відэа ГУБАЗіК.

Паводле інфармацыі праваабронцаў, атрыманай ад сведкаў затрымання, супрацоўніка цэха КІПіА Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода Андрэя Палтарана 7 кастрычніка проста з працоўнага месца забралі людзі ў цывільным адзенні, якія прадставіліся супрацоўнікамі ГУБАЗіКу. Нібыта затрыманы Андрэй Палтаран у межах нейкай крымінальнай справы, але з якой нагоды справа – невядома.

8 кастрычніка Андрэй Палтаран не выйшаў на працу. З гэтага можна зрабіць выснову, што яго не вызвалілі пасля ўчорашніх допытаў. 

У другой палове дня 8 кастрычніка сілавікі выклалі ў прапагандысцкіх тэлеграм-каналах відэа, дзе Андрэй Палтаран прызнаецца ў тым, што быў падпісаны на тэлеграм-каналы, якія ўлады абвясцілі "экстрэмісцкімі". Іншых правінаў ён не называе. Відэа запісанае ў адным з кабінетаў Мазырскага РАУС.