Чацвёрты рэчычанін прызнаны палітвязнем

Палеская Вясна 06.10.2021

>

Больш людзей з Рэчыцы, зняволеных за палітычныя погляды, было толькі ў гады сталінізму і нацысцкай акупацыі.

23-гадоваму былому супрацоўніку аб’яднання «Беларусьнафта» Канстанціну Міхальцову суддзя Марына Кацуба 22 верасня прасудзіла тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за тое, што жніўні 2020 года разам з іншымі рэчычанамі спрабаваў дазнацца вынікаў прэзідэнцкіх выбараў на плошчы ў Рэчыцы, перашкодзіць затрыманню невінаватага чалавека і пазней негатыўна абазваўся пра таго, хто лічыць сам сябе прэзідэнтам Беларусі. Усе гэтыя дзеянні не насілі гвалтоўнага характару. Эпізод, які ўлады кваліфікавалі як гвалт у дачыненні да міліцыянта, меў месца падчас затрымання іншага рэчычаніна. Канстанцін штурхнуў міліцыянта з Рэчыцкага РАУС Дзмітрыя Гарая ў спіну. Апошні, як ён сам прызнаўся на судзе, адчуў толькі нейкае ўдзеянне на сваю спіну. Ні болю, ні страты здароўя гэты штуршок не выклікаў.

5 кастрычніка сумеснай заявай шасці праваабрончых арганізацыяў Беларусі, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі ПЭН-цэнтр, Прававая ініцыятыва, Беларусrі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава ды іншыя Канстанціна Міхальцова прызналі палітычным зняволеным. Праваабронцы ў сваёй заяве канстатавалі, што

«Мірныя сходы грамадзянаў павінны знаходзіцца пад абаронай дзяржавы, і міліцыя не павінна прадпрымаць дзеянні па гвалтоўным іх спыненні, нават калі яны адбываюцца ў парушэнне працэдур іх арганізацыі і правядзення. Гвалтоўнае спыненне сходаў і ўжыванне фізічнай сілы, а тым больш адмысловых сродкаў і зброі, да пратэстоўцаў павінна ажыццяўляцца толькі як крайняя мера, у выпадках, калі паводзіны ўдзельнікаў сходу носяць гвалтоўны характар і ўяўляюць рэальную пагрозу нацыянальнай і грамадскай бяспецы, жыццю і здароўю грамадзянаў».

Яны таксама адзначылі, што

«пры наяўнасці палітычных матываў уладамі ўжываецца пазбаўленне волі ў парушэнне права на справядлівы судовы разгляд, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі».

Такім чынам. Станам на 6 кастрычніка ў Рэчыцы ўжо 4 афіцыйна прызнаных праваабаронцамі палітвязняў. Гэта Таццяна Ласіца, якую цяпер судзяць у Гомелі на закрытым ад грамадскасці судовым паседжанні, Уладзімір Міхалка, якога асудзілі за негатыўнае выказванне пра Лукашэнку, Максім Ялканаў, у віну якому паставілі тэлефанаванні сяьрам з прапановай з’ездзіць у Гомель, каб пабачыць, што там будзе адбывацца 10 жніўня мінулага года і Канстанцін Міхальцоў. Гэта небывалая раней за ўсю гісторыю развіцця горада ў незалежнай Беларусі колькасць афіцыйна прызнаных палітзняволеных.

Усяго ж у нашай краіне зараз 728 палітычных зняволеных.