Карнікі пахваліліся масавымі затрыманнямі жыхароў Мазыра
Андрусь ГАЁВЫ
05.08.2024
Да людзей
беспадстаўна ўжываліся спосабы затрымання, якія з’яўляюцца катаваннямі.
Тэлеграм-канал МУСаўскага падраздзялення – Галоўнага
ўпраўлення ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй, выклаў відэа масавых
затрыманняў жыхароў Мазыра з відавочна палітычных матываў. У відэа фігуруюць пяцёра
затрыманых.
Імаверна, масавыя затрыманні ў Мазыры адбываліся на
мінулым тыдні, перад прылётам у Мазырскі раён Лукашэнкі. Асноўная частка роліка
прысвечаная падрабязным здымкам жорсткага спосабу затрыманняў. Гэтыя спосабы
затрымання з’яўляюцца катаваннямі людзей, якія недапушчальныя.
Скрыншот відэа карнай структуры.
Напрыклад, паказана, як немаладога ўжо супрацоўніка
Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода выцягваюць з іншага аўтамабіля (імаверна,
службовага аўтамабіля завода), жорстка кідаюць на зямлю, стаюць каленам на галаву і потым у прынізлівай позе цягнуць у будынак Мазырскага РАУС. Пры гэтым
відэа дакладна фіксуе, што нейкага супраціву альбо спробы збегчы ад затрымання
мужчына не робіць.
Скрыншот відэа карнай структуры.
На далейшым відэа гэты мужчына кажа, што на ягоным
тэлефоне супрацоўнікамі (карных органаў) знойдзена падпіска на каналы, якія
аказаліся “экстрэмісцкімі”.
Скрыншот відэа карнай структуры.
Адзін з карнікаў прымушае затрыманага “распавесці з
нагоды публікацыі на ягонай старонцы ў Фэйсбуку з паклёпам датычна прэзідэнта (маецца на ўвазе Лукашэнка),
заклікам да масавых беспарадкаў і блакавання дарог”. Пры гэтым на твары мужчыны
бачныя цялесныя пашкоджанні – сіняк і рассечаная скура па-над правым вокам.
Скрыншот відэа карнай структуры.
Таксама на відэа карнікаў зафіксаваныя ўварванні ў жытло
іншых затрыманых з парушэннем парадку ўваходжання міліцыянтаў у прыватныя
памяшканні.
Іншыя затрыманыя на відэа кажуць, што былі падпісаныя на
каналы, якія ўлады Беларусі абвясцілі экстрэмісцкімі. Пры гэтым аднаму з
затрыманых голас за кадрам (імаверна супрацоўніка карнага органу) падказвае
назвы крыніц інфармацыі, на якія ён быў падпісаны, сярод якіх гучыць і назва “Праваабарончы
цэнтр “Вясна”.
“Канвенцыя супраць катаванняў ды іншых жорсткіх,
бесчалавечых або тых, якія прыніжаюць годнасць, відаў абыходжання і пакарання” ў
артыкуле 1 кваліфікуе катаванні, як “любое дзеянне, якім нейкай асобе наўмысна
наносіцца моцны боль альбо пакута, фізічная альбо маральная, каб атрымаць ад яе
альбо ад трэцяй асобы звесткі альбо прызнанні, пакараць яе за дзеянне, якое
здзейсніла яна альбо трэцяя асоба ці ва ўчыненні якога яна падазраецца, а
таксама запалохаць ці прымусіць яе ці трэцюю асобу, альбо па любой прычыне
заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль альбо пакута
прычыняюцца дзяржаўнай службовай асобай ці іншай асобай, якая выступае ў
афіцыйнай якасці, альбо па іх падбухторванні ці з іх ведама альбо маўклівай
згоды”.
Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека артыкулам 19 фіксуе
права кожнага на свабоду перакананняў i
на свабоднае выражэнне iх. “Гэта права ўключае свабоду бесперашкодна
прытрымлiвацца сваiх перакананняў i свабоду шукаць, атрымлiваць i распаўсюджваць
iнфармацыю i iдэi любымi сродкамi i незалежна ад дзяржаўных межаў”, – гаворыцца
ў гэтым артыкуле Дэкларацыі. Пераслед людзей, за тое, што яны праз падпіску атрымліваюць
інфармацыю з нейкіх крыніц, недапушчальны, нават, калі тыя крыніцы не
падабаюцца ўладам.