Фотафакт: У Ельск пачалі прыбываць саставы з вайсковай тэхнікай
Жорж Кунцэвіч
16.07.2022
>>>
У некаторых рэгіёнах Гомельшчыны, па-ранейшаму, заўважаецца незвычайная
актыўнасць узброеных сіл, працягнутыя вучэнні тэрытарыяльнай абароны, прыбывае вайсковая тэхніка.
Яшчэ напачатку ліпеня, як пісала раней “Палеская вясна”, практычна ва ўсіх
раёнах Гомельшчыны праходзілі так званыя планавыя мабілізацыйныя вучэнні, якія
пазней перараслі ў вучэнні тэрытарыяльнай абароны.
Тады адпрацоўваліся пытанні па даўкамплектаванні ваенкаматаў шляхам прызыву грамадзян, якія знаходзяцца ў запасе, праводзілася праца па
апавяшчэнні і кантрольнай яўцы ваеннаабавязаных, прызначаных для
ўкамплектавання воінскіх частак і злучэнняў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь
да штатаў ваеннага часу.
І вось новая хваля. У апошнія дні ў дзяржаўныя СМІ некаторых
палескіх раёнах пачалі публікаваць аднатыпныя матэрыялы пра "планавыя
перасоўванні вайсковай тэхнікі". Спачатку такія паведамленні былі
распаўсюджаныя ў трох прыгранічных раёнах Брэсцкай вобласці - Драгічынскім,
Іванаўскім і Столінскім.
А 15 ліпеня аналагічнае паведамленне было апублікавана на
сайце раённай газеты Ельска.
Паведамляецца, што 15 ліпеня на станцыі разгрузкі ў Ельску
Гомельскай вобласці чакаецца прыбыццё падраздзяленняў Узброеных Сіл Беларусі.
Вайскоўцы прыедуць для ўзмацнення аховы дзяржмяжы. Прычым, якія вайскоўцы, і
якім чынам яны будуць ахоўваць мяжу – не паведамляецца.
Начальнік адасобленай групы Ельскага раёна растлумачыў, што
перамяшчэння ваенных звязаны з планам Мінабароны, таму трэба захоўваць спакой і
не панікаваць.
А пакуль што жыхары Ельска з трывогай назіраюць, як на
чыгуначнай станцыі праходзіць выгрузка вайсковай тэхнікі, сярод якой
пераважаюць БТР-ы.