У Светлагорску затрымалі мужчыну, які выкладаў у Tik-Tok свае меркаванні пра міліцыянтаў. Міліцыянты абразіліся
Палеская Вясна
08.09.2021
Канал прэсавай
службы МУС у Тэлеграме паведаміў аб затрыманні жыхара Светлагорска, які нібыта
выкладаў у Tik-Tok відэа, знятыя хутчэй за ўсё з уласнага балкона, якія ён суправаджаў
сваімі думкамі пра тых, каго было бачна на відэа. На відэа былі супрацоўнікі
аднаго з падраздзяленняў МУС, а выказванні адлюстроўвалі меркаванні шмат каго
пасля таго, што гэтая структура робіць апошні год.
МУСаўская прэсслужба сцвярджае, што зняволенне
светлагорца адбылося ў межах «работы по недопущению дестабилизации
общественно-политической обстановки в стране и выявлению лиц, оскорбляющих
представителей власти». Затрыманнем мужчыны, які мацюгаўся на
МУСаўцаў, займаліся карнікі з Гомельскай філіі Галоўнага ўпраўлення па барацьбе
з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.
Паводле інфармацыі, размешчанай на канале МУС, супраць
светлагорца завялі крымінальную справу за абразу прадстаўніка ўлады. Хто стане
пацярпелым у гэтай справе МУС не паведамляе.
Як удалося высветліць праваабаронцам «Вясны», затрыманы –
жыхар Светлагорску Мікалай Ісаенка.
Раней ён працаваў на мясцовым домабудаўнічым камбінаце. У паведамленні МУС ён
прадстаўлены як беспрацоўны.