Ва ўкраінскім Чарнігаве распачаўся праваабарончы фэст. Першы дзень быў прысвечаны абароне ад рэпрэсіяў беларускіх актывістаў
Андрусь ГАЁВЫ
27.07.2021
Юбілейны пяты
праваабарончы фэст праходзіць ва Украінскім адукацыйным доме правоў чалавека ў Чарнігаве
з 26 ліпеня па 10 жніўня. Сёлета імпрэза распачалася з разгляду сітуацыі ў
Беларусі. Асаблівая ўвага была нададзена абароне ад рэпрэсіяў беларускіх
журналістаў, праваабаронцаў і актывістаў.
Украінскія праваабаронцы бачаць вялікую праблему ў той сітуацыі
прававога дэфолту, якая адбываецца ўжо больш як год у Беларусі. Амаль 600
палітвязняў, тры дзясяткі зняволеных журналістаў, сямёра праваабаронцаў за
кратамі – усё гэта для цяперашняга ўкраінскага грамадства падаецца немагчымым ў
цывілізаванай краіне ў цэнтры Еўропы. А факты катаванняў, бесчалавечнага,
жорсткага і прыніжаючага чалавечую годнасць абыходжання ўвогуле шакавалі многіх
удзельнікаў праваабарончага фэсту.
Падчас панэльнай дыскусіі першага дня фэсту спікеры і
іншыя выступоўцы не толькі распавядалі пра тое, што адбываецца апошні год у
Беларусі, але і акрэслівалі тыя праблемы, з якімі сутыкаюцца ўцекачы з Беларусі
ва Украіне. А гэтых праблем даволі шмат. І асноўная з іх – гэта магчымасць
атрымання легальнага статусу, пазбяганне магчымай экстрадыцыі ў Беларусь,
атрыманне статусу ўцекача, альбо атрымання пасведчання на часовае альбо сталае
жыхарства. На жаль, канстатавалі многія выступоўцы, сёння Украіна, як дзяржава,
дэманструе пэўную абыякавасць да праблем беларускіх уцекачоў.
Некалькі месяцаў таму, як адзначыў каардынатар праекту «Без
кордонів» Максім Буткевіч,
украінская ўлада стварыла ўражанне памягчэння правілаў знаходжання беларусаў ва
Украіне без атрымання нейкага статуса альбо пасведчання на жыхарства. Раней
тэрмін, падчас якога грамадзянін Беларусі мог знаходзіцца ва Украіне толькі з
беларускім пашпартам, складаў 90 дзён, зараз ён падоўжаны да 180 дзён. Але 90
дзён ва Украіне можна было знаходзіцца цягам 180 дзён у годзе. 180 жа дзён
знаходжання мусяць прыпасці на 365 дзён агульнага тэрміну. То бок, практычна
нічога не змянілася, акрамя таго, што за 180 дзён людзі паспяваюць неяк
атабарыцца на новым месцы жыхарства, а потым мусяць з’язджаць у іншую краіну,
бо ва Украіне іх легальнае знаходжанне скончваецца.
Максім БУТКЕВІЧ і Іна САСУН.
Існуюць цяжкасці з атрыманнем статусу ўцекача. Працэдура
разгляду звароту па такі статус займае да некалькіх месяцаў часу, бывае
спалучанаю з нейкімі карупцыйнымі схемамі. І ўвесь гэты час чалавек мусіць жыць
з даведкай, якая не з’яўляецца дакументам, што сведчыць асобу.
Таксама падчас дыскусіі ўзнімаліся пытанні атрымання
абароны ад экстрадыцыі ў Беларусь паводле запытаў беларускіх сілавікоў. Не так
даўно высветлілася, што Служба бяспекі Украіны спрабавала выслаць за межы краіны
беларускага актывіста анархісцкага руху Аляксея
Балянкова на запыт беларускага ГУБАЗіКа – сілавога падраздзялення, якое
найбольш актыўна ўдзельнічае ў рэпрэсіях і ажыццяўляе самыя жудасныя катаванні.
Пры гэтым Україна афіцыйна заяўляла, што яна не прызнае легітымнасці цяперашніх
уладаў Беларусі. Але ў той жа час сілавое ведамства краіны, якая заяўляе пра
сваю прыхільнасць дэмакратычным каштоўнасцям, заснаваным на правах чалавека,
дэманструе супрацу са злачыннымі арганізацыямі, якія спрыяюць утрыманю ўлады
антычалавечым нелегітымным рэжымам.
У дыскусіі першага дня ўзяў удзел прадстаўнік
Міністэрства замежных справаў Украіны Анатолый
Салавей. Ён казаў пра тое, што дзяржава прымае ўзгодненыя з еўрапейскімі
партнёрамі санкцыйныя захады супраць рэжыма, які трымае ўладу ў Беларусі. Але,
на цяперашні момант гэтыя санкцыі маюць толькі персанальны характар і
скіраваныя на некаторых беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў. З залы прагучала
пытанне пра эканамічныя санкцыі. Спадар Салавей патлумачыў, што прыняць
эканамічныя санкцыі не так проста, бо Украіна мае пэўную залежнасць ад Беларусі
з-за імпарту нафтапрадуктаў.
Прысутная на сустрэчы дэпутатка Вярхоўнай Рады ад фракцыі
«Голас» Іна Сасун адпавяла, што
санкцыі не абавязкова ўводзіць заўтра. Можа абвясціць, што санкцыйныя захады
супраць той жа нафтавай прадукцыі з Беларусі пачнуць дзейнічаць праз паўгады.
Ці праз год. А за гэты час на вызвалены рынак прыйдуць новыя пастаўшчыкі.
Іна Сасун закранула і тэму таго, што ва Украіне практычна
не выкарыстоўваецца працэдура часовай абароны беларусаў, якія ўцякаюць ад палдітычна
матываванага пераследу ў сваёй краіне. Нядаўна заменены міністр унутраных
справаў Украіны Арсэн Авакаў заявіў
на запыт дэпутаткі, што Дзяржаўная міграцыйная служба, якая ўваходзіць у склад
МЗС, не можа скарыстацца гэтай працэдурай для надання адпаведнага статусу
грамадзянам Беларусі, якія ўцяклі з радзімы, бо ўлады Украіны не абвяшчалі
Беларусь зонай, дзе адбываюцца нейкія надзвычайныя падзеі.
У выніку дыскусіі першага дня падрыхтаваныя некалькі
зваротаў. У тым ліку адзін з іх - для
ўладаў Украіны, з акрэсленнем існуючых праблемаў і прапановамі іх вырашэння.
Шмат прапановаў унесла дэпутатка Іна Сасун.
Акрамя дыскусійных пляцовак на фестывалі ў першы дзень
адбылася прэзентацыя магчымасцяў салідарнасці. Валанцёрка Праваабарончага цэнтру
«Вясна» Марыя Рублеўская
прэзентавала кампанію салідарнасці з палітзняволенымі. Пасля сканчэння дыскусіі
многія ўдзельнікі фестывалю змаглі падпісаць паштоўкі беларускім палітвязням.
А скончыўся «беларускі» дзень канцэртам хора «Чэрныгівські
солысты». Гімн «Магутны Божа» і шмат іншых беларускіх песень, а таксама
рэальныя гісторыі тых, хто вынес катаванні прагучалі ў выкананні артыстаў.
Таксама быў распрацаваны зварот да ўладаў і грамадскіх арганізацыяў, якія
працуюць ва Украіне, з мэтамі спрашчэння знаходжання там уцекачоў з Беларусі