У Рэчыцы, Калінкавічах і Светлагорску працягваецца хваля ператрусаў
Палеская Вясна
13.07.2021
Сілавікі не спыняюцца ў палітычным
пераследзе нязгодных з дзеяннямі ўладаў.
Як стала
вядома Палескай Вясне ад актывістаў, некалькі дзён таму ў Калінкавічах
міліцыянты правялі ператрус у доме бацькоў Віктара
Пырко. Ён летась дапамагаў у якасці валанцёра чальцам ініцыятыўнай групы па
вылучэнні Святланы Ціханоўскай кандыдаткай на прэзідэнта на пікетах па зборы
подпісаў, а таксама падчас арганізацыі агітацыйных пікетаў. З дома бацькоў
забралі кампутар і тэлефоны.
У
Светлагорску каля дома аднаго з жыхароў горада ад самай раніцы 13 ліпеня дзяжураць
нейкія людзі ў цывільным. Самога яго няма дома, але на невядомых звярнулі ўвагу
суседзі, якія і паведамілі гаспадару. Раней светлагорца прыцягвалі да
адказнасці за рэалізацыю права на мірныя сходы і выказванне меркаванняў.
Дзяніс ШЫЛЯНОК.
Пасля абеду
13 ліпеня міліцыянты прыйшлі і да прадпрымальніка Дзяніса Шылянка ў Рэчыцы. Раней яго некалькі разоў каралі
зняволеннем паводле артыкула 23.34. Апошні раз у траўні яго затрымалі ў Гомелі
ў парку і прысудзілі арышт на 25 сутак нібыта за несанкцыянаванае пікетаванне.
Увагу карных органаў прыцягнула майка з выявай афіцыйнага герба Рэчыцы, на якім
асноўным элементам з’яўляецца Пагоня. Зараз міліцыянты прад’явілі пастанову аб
ператрусе ў межах крымінальнай справы паводле артыкула 289 «Акт тэрарызму».