Рэчычаніна асудзілі ў Гомелі на тры гады калоніі за каментар у інтэрнэце
Палеская Вясна
26.06.2021
Маладзёна абвінавацілі ў распальванні
расавай, нацыянальнай, релігійнай альбо іншай сацыяльнай варажнечы. Суд першай
інстанцыі адбыўся адразу ў абласным судзе, такім чынам абскардзіць прысуд у
гэтай інстанцыі рэпрэсаваны не зможа.
Валанцёры Праваабарончага
цэнтру «Вясна» паведамляюць, што 24 чэрвеня ў
Гомельскім абласным судзе быў абвешчаны прысуд рэчычаніну Дзмітрыю Дзейкуну. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у інтэрнэце
змясціў каментар, які палічылі распальваннем варажнечы. Змест каментара падчас
абвяшчэння прысуду не агучваўся, але, мяркуючы з артыкула, паводле якога
вынеслі прысуд, каментар меў негатыўныя водгукі на дзейнасць сілавікоў ці іншых
прадстаўнікоў улады.
31-гадоваму рэчычаніну за выказванне ў інтэрнэце вынеслі
пакаранне трыма гадамі пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі агульнага
рэжыму.