У Рэчыцы пачаўся суд за абразу міліцыянта над пенсіянеркай, якая падчас следства пісала перадсмяротную цыдулку
Андрусь ГАЁВЫ
25.06.2021
Пасля першага дня ў судзе абвешчаны
перапынак, бо суддзя прызначыла псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.
Пенсіянерку Людмілу Хлусевіч вінавацяць паводле
артыкула 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады) за каментар
нібыта абразлівага характару, які яна пакінула ў сацсетцы Аднакласнікі пад
выявай участкова інспектара міліцыі Вілейскага РАУС прапаршчыка Міхаіла Жарыкава. Сам пацярпелы на суд
не з’явіўся.
Людміла ХЛУСЕВІЧ у судзе.
Справу
разглядае суддзя Марына Кацуба.
Дзяржаўным абвінаваўцам выступае памочніца пракурора Рэчыцкага раёна Юлія Гародная. Паводле Гароднай,
Людміла Хлусевіч, «8 снежня 2020 года, наўмысна пасягаючы на аўтарытэт, гонар і годнасць прадстаўніка ўлады,
ажыццявіла выхад у сетку Інтэрнэт, дзе ў адкрытым для агульнага дасягу чаце,
выкарыстоўваючы нарматыўную і не нарматыўную форму маўленчага выказвання,
змясціла друкаваны публічны каментар, дасяжны для іншых карыстальнікаў, які
ўтрымлівае непрыстойную, прынізлівую для асобы негатыўную ацэнку прадстаўніка
ўлады, супрацоўніка ОУС Жарыкава Міхаіла Сяргеевіча». Каментар Хлусевіч, паводле інфармацыі ў абвінавачванні, прагледзела
не менш як 9 карыстальнікаў.
Людміла
Хлусевіч віну прызнала, сказала, што хоча, каб усё гэта хутчэй скончылася. Але
яна патлумачыла, што не хацела наўмысна абразіць менавіта гэтага супрацоўніка
Жарыкава.
«Я мела іх усіх –
міліцыю, на ўвазе. Чаму ніводны міліцыянт з тых, якія збівалі людзей, дзяцей,
не пакараны за сваю жорсткасць? Толькі нас – простых людзей судзяць за нейкія
словы! Гэта было выказванне болю маёй душы»
– сказала Людміла Хлусевіч.
Падчас
допыту Людмілы пракурорка Гародная спытала ці лічыць яна словы, якія напісала,
абразлівымі.
«Хай бы мяне так
абразілі. Я б не пакрыўдзілася. Слова “тварь” ёсць у Бібліі, у літаратуры. Гэта
не абразлівае, не непрыстойнае слова», – адказала Хлусевіч.
Яна таксама
тлумачыла, што была моцна ўзрушаная навінамі пра тое, што чынілі міліцыянты
пасля леташніх выбараў. Таму пад эмоцыямі і напісала той каментар.
Суддзя Марына
Кацуба доўга дапытвалася ў Людмілы Хлусевіч наконт перадсмяротнага ліста, які
яна напісала ў траўні. У ім яна паведаміла, што, калі з ёй нешта здарыцца,
вінаваціць у гэтым варта будзе дзяржаўную ўладу. Кацуба пытала, ці адпавядае
рэчаіснасці тое, што ў Хлусевіч пагоршыўся стан здароўя, як гэта напісалі ў
навінах пра перадсмяротны ліст.
Людміла распавяла,
што стан яе здароўя за перыяд следства сапраўды істотна пагоршыўся. Яна
пакутвала на бессань, у яе пачалася гіпертанія, павялічыўся памер
новаўтварэння, на якое яна пакутвала. Цяпер яна падтрымлівае свій стан вялікай
колькасць ўжываных лекаў. І прычынай гэтага яна лічыць тое, што яе шматкроць
дапытвалі, праводзілі ператрусы ў кватэры.
«Калі мяне па некалькі
гадзін дапытвалі – я лічу, што гэта катаванні», – сказала Людміла.
Два тамы
пісьмовых матэрыялаў справы складаюць у асноўным розныя пастановы і пратаколы
аглядаў – тэлефонаў, старонак у інтэрнэце ды іншага.
Пасля іх агалошвання
суддзя Кацуба нечакана абвясціла перапынак на 10 хвілін, пасля якога зноў
пачала распытваць Людмілу Хлусевіч пра стан яе здароўя падчас напісання
каментара. На сцвярджэнні Людмілы, што яна была моцна эмацыйна ўзрушаная
паведамленнямі і самой сітуацыяй, суддзя спытала ці не была яна ў стане афекту,
калі пісала каментар. Людміла адказала, што ніякага афекту ў яе тады не было.
«Я проста хачу жыць,
перажыць гэта ўсё і пажыць у свабоднай Беларусі!», – сказала Людміла Хлусевіч
Тым не менш,
суддзя прапанавала прызначыць судовую псіхолага-псіхіятрычную экспертызу Хлусевіч
на момант напісання каментара ў Аднакласніках. Сама Людзміла і яе адвакатка
Багданава сказалі, што ў гэтым няма аніякай патрэбы. Але пракурорка Гародная
прапанову суддзі падтрымала і прапанавала пытанне для эксперта – якім быў стан
Хлусевіч на момант напісання каментара. Пасля чарговага перапынка суддзя Марына
Кацуба вынесла пастанову аб прызначэнні псіхолага-псіхалагічнай экспертызы і
абвяшчэнні ў судзе з гэтай нагоды перапынка.