У фразе «шизоидные речи параноика» ўлады пазналі прэзідэнта і судзяць за яго абразу пенсіянерку ў Мазыры
Палеская Вясна
16.06.2021
Суд паводле артыкула 368 «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» абвешчаны закрытым.
Як ўдалося
даведацца Палескай Вясне, у сацыяльнай сетцы Аднакласнікі яшчэ ў лютым
мазырская пенсіянерка Тамара Шчалупанава змясціла
каментар. Зрабіла яна гэта пад допісам, у якім карыстальнік з нікам «Анатолий Скрипко» ўсхваляў прамову Лукашэнкі на так званым Усебеларускім
народным сходзе і параўноўваў яе з выступамі Святланы Ціханоўскай, называючы
апошнюю «блыхой на Мосьцы» з вядомай байкі расійскага
пісьменніка Крылова.
«А ты – вошь прикорытнаная на гребешке, если тебе
нравятся шизоидные речи параноика. Только д…(чалавек з
разумовай адсталасцю - ПВ), как ты, может слушать этот бред сивой
кобылы», – напісала тады
Тамара Шчалупанава.
Далей у
спрэчцы ўжо сам «Анатолий Скрипко» пачаў пісаць абразлівыя выказванні на адрас
Шчалупанавай. Відаць таму, пра асабістую абразу ён нікуды заяваў не падаваў. Але
данёс куды трэба пра тое, што мазырская пенсіянерка няўхвальна выказалася на
адрас Лукашэнкі.
І менавіта
за той каментар супраць Тамары Шчалупанавай завялі крымінальную справу паводле
часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса «Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Пакаранні, якія прадугледжаныя гэтай часткай гэтага
артыкула – штраф, папраўчыя работы да тэрмін да двух гадоў, арышт, абмежаванне
волі на тэрмін да двух гадоў, альбо пазбаўленне волі на той жа тэрмін.
15 чэрвеня ў
судзе Мазырскага раёна пачалося судовае паседжанне ў гэтай справе. Разгядае
справу суддзя Валянціна Новікава. З
невядомых прычынаў суд зрабілі закрытым.
Паводле
інфармацыі, якой валодае Палеская Вясна, у выніку першага паседжання пракурорка
запрасіла для пенсіянеркі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на паўтара гады
без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і канфіскацыю кампутара, як
прылады злачынства.
Абвяшчэнне
прысуду мае адбыцца у чацвер 17 чэрвеня.