Жыхар Рэчыцы, які нібыта не падпарадкоўваўся міліцыі, абараніў свае правы і прызнаны невінаватым
Палеская Вясна
05.03.2020
Наш сайт распавядаў, як жыхара Рэчыцы збілі міліцыянты, абвінаваціўшы ў непадпарадкаванні, і суд прызнаў яго вінаватым ды асудзіў да арышту і штрафу. Але мужчына не пагадзіўся з беспадстаўным пакараннем і аспрэчыў рашэнне раённага суда. Гісторыя атрымала станоўчую развязку, паведамляе Белсат.
На каталіцкія Каляды Андрэй Карбалевіч са знаёмцамі чакалі таксоўку ля рэчыцкага прыватнага дому. Аднаго хлопца трымалі пад рукі, бо той быў нападпітку. Замест таксоўкі да кампаніі пад’ехала міліцэйскае аўта. Каб у п’янага хлопца не ўзнікла праблемаў з праваахоўнікамі, кампанія вырашыла вярнуцца ў двор. Міліцыянты пайшлі следам.
«Я стаяў у брамцы і назіраў. Яны там размаўлялі, нейкія патрабаванні агучвалі, – распавядае Андрэй Карбалевіч. – Пасля я стаў каля плоту».
Пытанняў да нашага героя ў праваахоўнікаў не ўзнікла, таму Андрэй з двума знаёмцамі рушылі па хатах. На прыпынак пайшлі праз задні двор, а на шашы – разышліся… Калі Андрэй пераходзіў дарогу, то заўважыў, што міліцэйскае аўта пад’ехала да ягоных знаёмцаў. Ужо калі мужчына сядзеў на прыпынку ў чаканні аўтобуса, пачуў, што да яго нехта бяжыць.«Хапае [міліцыянт] мяне за руку і рэзка торгае. Я заляцеў галавою сюды [канструктыўная частка будынку]. І затым яны спрабавалі заламаць мне рукі», – прыгадвае падзеі таго дня Андрэй.
На мужчыну надзелі кайданкі, пры затрыманні сцягнулі вопратку. Дамоў наш герой так і не трапіў: Андрэя Карбалевіча затрымалі за непадпарадкаванне, пакаралі арыштам ды аштрафавалі на дзве базавыя велічыні. Яшчэ падчас затрымання спадар Андрэй спрабаваў давесці міліцыянтам, што яны парушаюць ягоныя правы.
«Я спрабаваў у іх даведацца: за што, чаму? Але мне ніхто нічога не адказаў. Яны толькі ўсміхаліся і ўсё», – кажа Андрэй.
Алег Шабетнік, гаспадар дому, з якога выходзіла ў той дзень кампанія, распавёў здымачнай групе «Маю права», што на ягоным доме ўсталяваныя тры камеры відэаназірання. Ён прапанаваў нашым карэспандэнтам разам з Андрэем Карбалевічам зірнуць відэа таго дня.
«Тое, што напісана ў рапартах [міліцэйскіх], папросту кардынальна адрозніваецца [ад відэа]. Яны папросту сфабрыкавалі, нягледзячы на тое, што бачылі гэтыя камеры назірання», – сцвярджае Алег Шабетнік.
На відэазапісах бачныя несупадзенні з тым, што было напісана ў міліцэйскім рапарце.
«Ну вось самае цікавае, што міліцыянт Ларчанка, які не адыходзіў ад двара ні на секунду, ён напісаў, што ты [А. Карбалевіч] – на прыпынку, які знаходзіцца адсюль за паўкіламетра, што ты не падпарадкаваўся», – каментуе відэазапіс з камеры гаспадар дому.
Спадар Шабетнік таксама распавёў, што пасля затрымання Андрэя Карбалевіча ён запытаўся ў міліцыянтаў, за што таго затрымалі. Адзін з іх яму адказаў, што на прыпынку была жанчына, якую Карбалевіч абразіў. Але ж на прыпынку ў момант затрымання спадара Андрэя больш нікога не было.
Карэспандэнт «Маю права» намерыўся даведацца ў праваахоўнікаў пра падрабязнасці гэтае справы. Аднак у Рэчыцкім РАУСе нас накіравалі ў прэсавую службу ў Гомлі, адтуль – да начальніка Рэчыцкага раённага аддзелу Следчага камітэту Дзяніса Кузянька. Звязацца праз працоўны нумар са спадаром Кузяньком не ўдалося. Ягоныя калегі праз тэлефон апавялі, што ён не сядзіць на месцы, і параілі працягваць тэлефанаваць.
У дзень, калі нашая здымачная група прыехала ў Рэчыцу, Андрэй Карбалевіч атрымаў новае судовае рашэнне. Рэчыцкі суд адмяніў адміністратыўнае правапарушэнне, у якім абвінавачвалі героя нашай праграмы.
Валер Пуціцкі з праваабарончага цэнтру «Вясна» перакананы: у выпадках неправамоцных дзеянняў міліцыянтаў трэба адстойваць свае правы.
«Калі ты ўпэўнены, што не вінаваты, што ты ніякага злачынства не рабіў, то якраз ты [А. Карбалевіч] мусіў звярнуцца ў абласны суд, каб аспрэчыць вырак раённага суда, напісаць скаргу ў пракуратуру, у Следчы камітэт ты яшчэ напісаў. І тыя разабраліся, адмянілі рашэнне раённага суда. І зараз ты ўжо ўвогуле невінаваты».
У выпадках неправамоцнага затрымання праваабаронцы раяць:
- не падпісваць пратаколу або абавязкова дапісваць свае заўвагі;
- аспрэчыць прысуд у вышэйшых інстанцыях (абласны суд, Вярхоўны Суд);
- напісаць скаргі на дзеянні міліцыянтаў у пракуратуру, Следчы камітэт;
- падаць у суд на дзеянні працаўнікоў міліцыі і патрабаваць кампенсацыі маральнай шкоды.