Пенсіянерку з Мазыра асудзілі ў Гродне за абразу тамтэйшага міліцыянта

Палеская Вясна 02.06.2021

>

63-гадовай пенсіянерцы давялося ездзіць праз усю краіну на допыты, а цяпер яна ўдзельнічае ў Гродне ў судовым працэсе.

7 снежня 2020 года ў сацсетцы Аднакаснікі 63-гадовая пенсіянерка з Мазыра Таццяна Тарун у адной з суполак пад фотаздымкам супрацоўніка карных органаў напісала эмацыйны каментар «Колькі лёсаў паламала гэтая …». Міліцыянт пакрыўдзіўся. Вынікам стала завядзенне супраць Таццяны крымінальнай справы паводле артыкула 369 Крымінальнага кодэкса.

Расследаванне праводзілі супрацоўнікі гродзенскіх падраздзяленняў Следчага камітэту. Яны не арганізоўвалі допыты Таццяны ў горадзе, дзе яна жыве, а прымушалі яе прыязджаць у Гродна, каб даць паказанні.

Таццяна ТАРУН у судзе. Фота: Раман Юргель

1 чэрвеня пачаўся судовы працэс, у якім Таццяну Тарун абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў. Паводле гэтага артыкула Таццяне пагражае пакаранне да трох гадоў абмежавання волі.

Крымінальную справу ў судзе Кастрычніцкага раёна горада Гродна разглядае суддзя Маргарыта Ланцэвіч. Дзяржаўным абвінаваўцам выступіла памочніца пракурора з прозвішчам Кароль.

Пацярпелым, які абразіўся на каментар пенсіянеркі, аказаўся Павел Калмагораў. Але на судовае паседжанне ён не з’явіўся. Прычыны ягонага нез’яўлення ў судзе не вядомыя.

На працэсе Таццяна Тарун прызнала, што сама пісала каментар, сказала, што ён быў празмерна эмацыйны, таму што яна не магла абыякава назіраць за тым пераследам людзей, які чыніўся. Яна вельмі перажывала за збітых людзей і забітага ў тыя дні маладога чалавека, потым іншага. Але ніякіх асабліва абразлівых слоў яна не дапусціла і гатова папрасіць прабачэння ў канкрэтнага міліцыянта, паведамляе Гарадзенская Вясна. Таццяна Тарун прадставіла суду дакументы, што яна хварэе на цукроўку. Таццяна Тарун абараняла сябе сама і адмовілася ад паслугаў адвакатаў.

Пракурорка Кароль у так званых судовых спрэчках заявіла, што Тарун размясціла каментар «с целью причинения ушерба госвласти», «разжигала неприязнь к представителю власти». Кароль прасіла суддзю пакараць пенсіянерку абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на паўтара году.

Суддзя Маргарыта Ланцэвіч вырашыла пакараць пенсіянерку таццяну Тарун адным годам абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, а таксама сканфіскаваць у яе ў даход дзяржавы сістэмны блок кампутара, як сродак здзяйснення нібыта злачынства.