Прадпрымальніка з Рэчыцы Дзяніса Шылянка затрымалі ў Гомелі (ДАПОЎНЕНА)

Палеская Вясна 27.05.2021

>На 9 гадзін раніцы 27 траўня яго выклікалі ў Рэчыцкі РАУС нібыта для азнаямлення з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні за дробнае хуліганства.


Дзянис ШЫЛЯНОК.

26 траўня каля 13-й гадзіны Дзянісу Шылянку патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся ўчастковым інспектарам Рэчыцкага РАУС і паведаміў, што на Шылянка паступіла заява пра тое, што ён кагосьці абразіў у падатковай інспекцыі. Маўляў, трэба яго апытаць. Дзяніс тады адказаў, што зараз не можа з’явіцца на апытанне. Дамовіліся на тое, што раніцай 27 траўня той супрацоўнік міліцыі зноў патэлефануе і яны дамовяцца пра сустрэчу.

Увечары ж 26 траўня, каля паловы на 20-ю гадзіну Дзяніс Шылянок атрымаў СМС-паведамленне на тэлефон пра тое, што 27 траўня а 9.00 яму неабходна з’явіцца ў Рэчыцкі РАУС для азнаямлення з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле артыкула 19.1 КабАП. «У выпадку, калі вы не зможаце прыбыць ва ўказаны час, пратакол будзе складзены без вашага ўдзелу і накіраваны ў суд Рэчыцкага раёну, копія пратаколу будзе дасланая на адрас вашага месца жыхарства», – сказана ў СМС.

Таксама там гаворыцца, што пратакол будзе складзены паводле паведамлення начальніка Інспекцыі з падаткаў і збораў у г. Рэчыца і Рэчыцкім раёне і матэрыялаў праверкі падзеяў, якія адбыліся 13 траўня а 16.29. Наколькі памятае Дзяніс, у той дзень ён хадзіў у падатковую інспекцыю, каб вырашыць пытанні з падаткамі, пры гэтым нікога не абражаў, паводзіўся карэктна.

27 траўня зраніцы Дзянісу патрэбна было па справах паехаць у Гомель. Ён паехаў туды з сябрамі, якія папрасілі яго папутна падвезці, каб вырашыць нейкія пытанні. А 10-й гадзіне раніцы Дзяніс паспеў паведаміць Палескай Вясне: «Забралі ў Гомелі. Сяджу ў Цэнтральным РАУС». Дакладная прычына затрымання пакуль невядомая. Дзяніс быў апрануты ў белыя шорты, чырвоную кашулю, і белую цішотку з выявай герба Рэчыцы. Магчыма, гэта і прыцягнула ўвагу карных органаў, якія затрымалі Дзяніса.

Як стала вядома Палескай Вясне, Дзянісу Шылянку ў судзе Цэнтральнага раёну прысудзілі 25 сутак арышту паводле артыкула 24.23 КабАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства). Відавочна гомельскія міліцыянты вырашылі, што сваім адзеннем ён нешта пікетаваў. Зараз Дзяніс утрымліваецца ў ізалятары часовага ўтрымання ў Гомелі.  

Дзяніс Шылянок – вядомы ў Рэчыцы прадпрымальнік, уладальнік
ахоўваемай стаянкі і службы таксі. Пасля фальсіфікацыі выбараў у жніўні 2020
году ён, абурыўшыся падтасоўкай вынікаў і наступным гвалтам сілавікоў,
удзельнічаў у пратэстных акцыях. Шмат разоў карнікі яго хапалі і кідалі ў свае
вязніцы, абвінавачваючы з надуманых прычынаў. Напярэдадні Дня волі 25 сакавіка
яго затрымалі супрацоўнікі аддзялення па наркакантролі – нібыта ў іх узніклі
падазрэнні, што Шылянок распаўсюджвае наркотыкі. Пацверджанняў такім
падазрэнням яны стварыць не здолелі, але абвінавацілі яго ў непадпарадкаванні
сваім патрабаванням. Суддзя Марыя Кацуба
тады пастанавіла зняволіць Дзяніса Шылянка на 15 сутак. Пасля вызвалення да яго
падыходзіў знаёмы супрацоўнік РАУС і казаў, што міліцыі пастаўленая задача
знайсці падставы для сур’ёзнага тэрміну зняволення Дзяніса ў крымінальным
абвінавачванні, маўляў, яму лепей з’ехаць з краіны. Зараз гаспадарчую дзейнасць
юрыдычнай асобы, якую ўзначальвае Шылянок, правяраюць супрацоўнікі Дэпартаменту
фінансавых расследаванняў.