У Светлагорску ўночы затрымалі настаўніцу мясцовай школы

Палеская Вясна 14.05.2021

>

Як паведамілі Палескай Вясне са Светлагорска, раніцай настаўніца не выйшла на працу, яе сын не ведаў, дзе яна знаходзіцца, таму пачаў пошукі.

Алена Панцялеенка выкладае працоўнае навучанне ў дзяўчат у школе № 4 горада Светлагорска. У жніўні мінулага года на мірным пратэстным сходзе міліцыянты затрымалі і жорстка збілі яе сына. Але агалошваць гэты выпадак ён не пажадаў.

Раніцай 14 траўня Алена Панцялеенка не з’явілася на працы, хаця раней ніколі спазненняў ці іншых парушэнняў не дапускала. На замену ёй вылучылі іншага настаўніка, а пра тое, што яе няма на працы паведамілі сыну. Сын спачатку патэлефанаваў у мясцовую лякарню. Там яму паведамілі, што жанчына з такім прозвішчам да іх не паступала, але ў спісах тых, хто быў уночы ў лякарні яна значылася. Тады сын зразумеў, што маці прывозілі ў лякарню на асведчанне міліцыянты і патэлефанаваў у РАУС. Там яму паведамілі, што Алена Панцялеенка затрыманая і ў той момант яе апытвалі супрацоўнікі. Прычыну затрымання ў міліцыі не назвалі.

Пазней у школу № 4 прыехалі прадстаўнікі раённага аддзелу адукацыі на чале з яго начальніцай Жанай Чэркас. Яны правялі абследаванне ў некалькіх кабінетах, у тым ліку ў майстэрні для заняткаў працай. Афіцыйнай прычынай раптоўнай праверкі назвалі выпадак з нападам на вучняў і настаўнікаў у расійскай Казані.