Чарговы вязень за словы ў інтэрнэце. У Петрыкаве чалавека зняволілі за эмацыйнае выказванне пра сілавікоў

Палеская Вясна 14.05.2021

Прэсавая служба МУС паведаміла пра тое, што ў Петрыкаве затрымалі маладзёна, які выказаў словы нянавісці да дзейнай улады і заклікаў помсціць АМАПу за збітых сёстраў. Палеская Вясна даведалася хто такі затрыманы.


Скрын-шот з відэа МУС.

Пра тое, што 23-гадовы петрыковец паводле рашэння пракурора Петрыкаўскага раёну Сяргея Таболіча зняволены пад варту паведаміла пракуратура.

Сілавікі, ва ўласцівай ім манеры запісалі відэа, дзе маладзён прызнаецца што ён сапраўды напісаў гэты пост у Instagram, а таксама ў тым, што перад напісаннем посту ён ужываў алкаголь і, маўляў, на цвярозую галаву ён інакш успрымае сітуацыю. Паводле паведамлення пракуратуры, справу для расследавання чамусьці перадалі ў Жлобінскі раённы аддзел Следчага камітэту. Вінавацяць хлопца ў распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варажнечы (частка 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса). Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула – пазбаўленне волі да пяці гадоў.


Уладзіслаў ЦІМАШЧУК. Тут і на застаўцы - фота з акаунту Уладзіслава Цімашчука ў ВК.


Палеская Вясна даведалася, што затрыманага маладзёна зваць  Уладзіслаў Цімашчук. Ён выгадаваўся ў Петрыкаве, вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце, але, не скончыўшы яго, з’ехаў у Маскву. Там ён працаваў у розных сферах, а потым скончыў курсы барбершопераў. Праз некалькі год вярнуўся ў Петрыкаў. Пачаў рабіць модныя фрызуры тамтэйшым хлопцам, а пасля стварыў першы ў правінцыйным горадзе барбершоп, дзе сам працаваў аж да зняволення. Уладзіслаў захапляецца падарожжамі. Жыў Уладзіслаў у бабулі, дапамагаў ёй у гаспадарцы.

Праваабронцы лічаць непрапарцыйнымі пакаранні зняволеннем паводле дэфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса – за выказванні меркаванняў, абразы і іншыя, не звязаныя наўпрост з гвалтам дзеянні.