У Калінкавічах пенсіянерку аштрафавалі на 290 рублёў за нацыянальны герб на сцяне ўласнага дома
Палеская Вясна
07.04.2021
>>
Пагоню на сцяне намалявалі
яшчэ ў кастрычніку мінулага года, але сёлета ў сакавіку яна стала масавым
мерапрыемствам.
У пратаколе, які 21 сакавіка міліцыянты склалі на Святлану Раманцаву, яе абвінавачвалі ў
тым, што яна «ў нявызначаны
перыяд часу з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных цікавасцяў
правяла масавае мерапрыемства пікетаванне, на правядзенне якога не было
атрымана адпаведнага дазволу Калінкавіцкага РВК, шляхам размяшчэння на фасадзе
свайго дома для дэманстрацыі грамадзянам досяжнай для агляду выявы вершніка, які
сімвалізуе герб “Пагоня” на фоне бел-чырвона-белага сцяга». Гэтым, на думку міліцыянтаў,
Святлана парушыла ўстаноўлены артыкулам 10 закона «Аб масавых мерапрыемствах»
парадак арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства і такім чынам
здзейсніла правапарушэнне, прадугледжанае часткай 1 артыкула 24.23 КабАП.
Справу ў Судзе Калінкавіцкага раёну разглядала суддзя Святлана Сарнаўская. Яна доўга
спрабавала дамагчыся ад Святланы Раманцавай чаму яна вырашыла намаляваць на
сцяне свайго дома гэты малюнак. Раманцава адказвала, што вырашыла проста
абнавіць старую сцяну і размясціць на ёй нешта прыгожае. А Пагоня – гэта
нацыянальны сімвал, ён унесены ў афіцыйны спіс гісторыка-культурных
каштоўнасцяў Беларусі. Сарнаўская дамагалася, каб Святлана патлумачыла, чаму
менавіта такую выяву яна намалявала.
«Вы ведалі, што ў
Рэспубліцы Беларусь адбываюцца пэўныя грамадска-палітычныя падзеі, што за
дэманстрацыю сімволікі людзей прыцягваюць да адказнасці?», – пытала
суддзя Сарнаўская.
Святлана адказала, што ведала пра падзеі з навінаў, але
ніякага масавага мерапрыемства ва ўласнай хаце яна не праводзіла.
«Як я магла
праводзіць нейкае масавае мерапрыемства, седзячы дома?!», – не разумела
Раманцава.
У судзе ў якасці сведак апыталі таксама двух міліцыянтаў.
Участковы інспектар, капітан міліцыі Яўген
Красюк, як ён сам паведаміў у судзе, выявіў малюнак на доме Святланы падчас
абыходу свайго ўчастка. Пасля гэтага ён даклаў пра гэта свайму міліцэйскаму
кіраўніцтву і склаў асноўныя матэрыялы адміністрацыйнай справы. Прычым, ён
сказаў у судзе, што, калі ён убачыў гэтую выяву, то палічыў, што гэта можна
расцэньваць як дэманстрацыю.
Іншым апытаным у судзе сведкам стаў старшы ўчастковы Аляксандр Дулуб. Ён, на просьбу
Красюка, каб дапамагчы яму скласці адміністрацыйную справу, правёў агляд месца
так званага правапарушэння. Нейкіх істотных звестак ён у судзе не паведаміў.
Перад заканчэннем разгляду суддзя Сарнаўская дамагалася
ад Святланы Раманцавай, каб яна адказала на пытанне ці раскайваецца яна ў
здзейсненым. Святлана шчыра не разумела ў чым яна мусіць раскайвацца.
У выніку Сарнаўская абвясціла, што яна прыйшла да
высновы, што ў момант нанясення выявы і ўвесь перыяд яе знаходжання на сцяне
ўласнага дома Святлана Раманцава мела задуму дэманстраваць сваё стаўленне да
падзеяў, якія адбываюцца ў краіне, а значыць публічна выказвала свае
грамадска-палітычныя цікавасці. Гэта, паводле Сарнаўскай, з’яўляецца
правапарушэннем. Такім чынам яна прызнала Раманцаву вінаватай у правапарушэнні
паводле ч. 1 арт. 24.23 КабАП і прызначыла пакараць яе штрафам, памерам 10
базавых вялічыняў. На цяперашні час гэта 290 рублёў.