Масавыя ператрусы і затрыманні ў Калінкавічах

Палеская Вясна 24.03.2021

>>

Ад самай раніцы ў раённым цэнтры сілавікі прыйшлі ў дамы і кватэры людзей, якіх у верасні 2020 года ўлады пакаралі за ажыццяўленне права на мірныя сходы.


Мікалай МІХЕЕЎ.

Ад сёмай раніцы трываў ператрус у хаце прадпрымальніка і мастачкі Мікалая і Марыны Міхеевых. Потым іх абодвух завезлі з Калінкавіцкі РАУС. У жніўні і верасні падчас маршаў, на якіх міліцыянты не чапалі пратэстоўцаў, яны часта былі на чале калонаў. Мікалай займаўся зборам подпісаў пад зваротам да мясцовых уладаў аб перападліку галасоў у раёне, быў вядоўцам мітынгу на галоўнай плошчы, калі да народу выйшлі кіраўнік Калінкавіцкага раёну, начальнік РАУС і пракурор. Марына пачынала збор сход выбаршчыкаў з мэтай адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў. У верасні 2020 года, калі зноў пачаліся рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных сходаў, Міхеевых затрымалі. Марыну вызвалілі, а Мікалая пратрымалі трое сутак у ІЧУ. Пазней абодвум далі штрафы.


Марына МІХЕЕВА. 

Таксама раніцай міліцыянты прыйшлі да актывіста Мікалая Судаса. Яму прад’явілі пастанову на ператрус у справе аб абразе міліцыянтаў. У яго забралі тэлефон. Самога Мікалая затрымалі і павезлі ў РАУС. Мікалая Судаса таксама затрымлівалі, знявольвалі і штрафавалі за ажыццяўленне права на мірныя сходы ў верасні 2020 года.

Аляксандр ЕЛІСЕЕЎ.

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Елісеева, які быў падчас выбараў 2020 году незалежным назіральнікам ад кампаніі «Праваабронцы за свабодныя выбары», калінкавіцкія міліцыянты забралі проста з-пад кропельніцы ў мясцовай лякарні, дзе ён праходзіць стацыянарнае лекаванне. Прычым, кропельніца нават не паспела скончыцца. Яго завезлі на кватэру ягонай маці для правядзення ператрусу. Елісееву прад’явілі пастанову на ператрус паводле артыкула 188 (паклёп) за нейкія паведамленні ў тэлеграм-чаце «Мозырь для жизни». Аляксандр Елісееў запатрабаваў прысутнасці падчас следчага дзеяння свайго адваката і адмаўляецца адчыняць дзверы кватэры да таго, як да яго прыедзе адвакат.