Масавыя ператрусы і затрыманні адбываюцца ў Мазыры

Палеская Вясна 23.03.2021

>

Як паведамляюць праваабаронцам жыхары Мазыра, сёння ў горадзе да некалькіх жыхароў прыйшлі сілавікі.

Яшчэ ў першай палове дня стала вядома пра ператрусы ў кватэрах Валянціны Кулыбы і Мікалая Карасёва, а таксама работніка нафтаперапрацоўчага заводу Ігара Шуканава. У іх забралі электроніку, саміх іх затрымалі. Пазней высветлілася, што з імі правялі так званую гутарку, падчас якой застрашалі аб падвышанай адказнасці за нібыта «несанкцыянаваныя мерапрыемствы», і вызвалілі. Падставай для ператрусаў, паводле пастановаў, сталі крымінальныя справы пра знявагу міліцыянтаў і чальцоў выбарчай камісіі ў інтэрнэце, а таксама дапамога людзям, якім улады прысудзілі непад’ёмныя штрафы.

Таксама на працы на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе сілавікі затрымалі Мікалая Берасневіча. Яго таксама завезлі ў РАУС, дзе спрабавалі запужаць адказнасцю за ажыццяўленне права на мірныя сходы, аформіўшы гэта як «прафілактычную гутарку».

Уладзімір НЕЎМЯРЖЫЦКІ. 

Пра ператрус у сваёй кватэры, забранне ўсіх электронных прыладаў і сродкаў сувязі паведаміў таксама мазырскі актывіст Народнай грамады, які быў даверанай асобай Святланы Ціханоўскай на выбарах 2020 года Уладзімір Неўмяржыцкі. Ператрус, паводле словаў Неўмяржыцкага, адбываўся ў межах крымінальнай справы аб псаванні нейкага плота, на якім нехта нешта напісаў.