Акцыя масавага застрашэння ў палескіх гарадах. Людзей папярэджваюць аб адказнасці за ўдзел у мірных сходах
Палеская Вясна
15.03.2021
У Мазыры,
Светлагорску і Рэчыцы адбываюцца выклікі людзей у карныя органы для выдачы
афіцыйных папярэджанняў.
Як паведамляюць Палескай Вясне з галоўных раённых цэнтраў
усходняга Палесся, людзей кліча да сябе пракуратура, міліцыя, альбо ўчастковыя
міліцыянты прыходзяць да людзей дамоў. Жыхарам гарадоў выпісваюць папярэджанні
пра тое, што ўдзел у мірных сходах, якія не дазволеныя дзеючымі ўладамі (у
інтэрпрэтацыі ўладаў – «несанкцыянаваныя масавыя мерапрыемствы») будзе цягнуць
адказнасць.
У спісы тых, каго папярэджваюць трапілі ўсе, хто са
жніўня 2020 года зазнаў палітычна матываваны адміністрацыйны пераслед паводле
ранейшага артыкула 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях. Ад
пачатку сакавіка нумар гэтага артыкула зменены на 24.23 і карныя санкцыі
павялічаныя да 200 базавых вялічыняў за паўторнае напрацягу года парушэнне
парадку арганізацыі і правядзення так званага масавага мерапрыемства. Пры гэтым
людзей, якіх зараз выклікаюць у карныя органы, папярэджваюць, што за паўторнае
парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства да іх будзе ўжыты
крымінальны пераслед паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і
падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак альбо актыўны
ўдзел у іх).
Пра свой візіт на выклік у пракуратуру Мазырскага раёна
распавёў кіраўнік мясцовай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Уладзімір Целяпун. Ён накіраваў туды
заяву аб парушэннях заканадаўства з боку супрацоўнікаў сілавых структуры Мазыра
падчас мірных сходаў паводле вынікаў свайго назірання за іх правядзеннем. Але
намеснік пракурора Мазырскага раёна Аляксандр
Жураўскі даў Целепуну падпісаць папярэджанне, дзе сказана, што пры
паўторным парушэнні закона пра масавыя мерапрыемствы праваабаронцу могуць
пакараць паводле крымінальнага артыкула. Целяпун з папярэджаннем не пагадзіўся,
пра што напісаў проста на ім.
Намеснік пракурора Мазырскага раёна Аляксандр ЖУРАЎСКІ (фота: mazyr.by)
Закон аб масавых мерапрыемствах, які зараз дзейнічае ў
Беларусі кампетэнтнымі міжнароднымі арганізацыямі ў галіне правоў чалавека
шматкроць падвяргаўся абгрунтаванай крытыцы за фактычна поўнае пазбаўленне
магчымасці праводзіць мірныя сходы альбо выказваць меркаванні. Камітэт ААН у
правах чалавека неаднаразова ў сваіх меркаваннях рэкамендаваў беларускім уладам
змяніць гэты закон такім чынам, каб ён забяспечваў выкананне гарантаванага
Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах і Канстытуцыяй Беларусі
права на мірныя сходы. Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права і Бюро ў
дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ прызналі
амаль усе артыкулы закона аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь не
адпаведнымі Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Тым не менш, гэты закон так і не зменены ў бок
дэмакратызацыі. Але адказнасць за ягонае парушэнне сёлета, пасля актыўнай фазы
пратэставай дзейнасці восені мінулага года, улады зрабілі значна больш
жорсткай.