У Мазыры і Светлагорску масава выклікаюць у Следчы камітэт людзей для допытаў у справе ПЦ «Вясна»
Палеская Вясна
06.03.2021
Следчыя спрабуюць
даведацца, ці плацілі кіраўнікі філіяў у палескіх гарадах за выкліканых у
якасці сведкаў штрафы і дзяржпошліны пры абскарджванні рэпрэсіўных прысудаў.
Паводле інфармацыі, якая трапіла журналістам Палескай
Вясны, допыты праводзяць следчыя абласнога ўпраўлення СК. Яны карыстаюцца
забранымі падчас ператрусаў на кватэрах і ў офісах рэгіянальных філіяў 16
лютага копіямі дакументаў па абскарджванні прысудаў паводле артыкула 23.34.
Менавіта гэтыя дакументы і з’яўляюцца падставай для выкліку людзей на допыты.
Следчыя задаюць пытанні пра тое, хто аплачваў штрафы, хто
аплачваў пошліны пры абскарджванні. Яны прад’яўляюць людзям копіі квіткоў пра
аплату і прымушаюць узгадваць пры якіх абставінах адбывалася аплата. У
прыватнасці, у Мазыры следчыя наўпрост задаюць пытанні пра тое, што звязвае
выкліканых на допыт людзей з кіраўніком Мазырскай філі ПЦ «Вясна» Уладзімерам Целепуном. У Светлагорску
падобныя пытанні задаюць адносна кіраўніцы светлагорскай філіі Алены Маслюковай.
Акрамя таго, усіх прымушаюць даваць падпіску аб
неразгалошванні, каб зрабіць так званае расследаванне максімальна закрытым. Як
вядома, у апошні час шмат судоў у крымінальных справах, звязаных з палітычным
пераследам, адбываюцца таксама ў закрытым рэжыме.
Станам на 5 сакавіка Палескай Вясне вядома самамала пра 6
чалавек, якіх выклікалі на допыты ў справе «Вясны» ў Мазыры і
амаль 10 чалавек у Светлагорску.
5 сакавіка Рада Праваабарончага цэнтру «Вясна» прыняла заяву наконт узбуджэння і
расследавання ў дачыненні да арганізацыі крымінальнай справы паводле артыкула
342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях,
якія груба парушаюць грамадскі парадак). Юрыст Гомельскай філіі ПЦ «Вясна» Леанід Судаленка зняволены ўладамі і з’яўляецца
абвінавачаным паводле гэтай справы. Таксама ў зняволенні знаходзяцца кіраўніца
валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова і валанцёры Таццяна Ласіца і Андрэй Чапюк.
«Грамадскае аб’яднанне Праваабарончы
цэнтр “Вясна”, якое ў красавіку гэтага года будзе адзначаць 25-годзе сваёй
дзейнасці, з’яўляецца добраахвотным аб’яднаннем грамадзянаў, якія дзейнічаюць у
адпавденасці з Дэкларацыяй аб праве
і абавязках асобных асобаў, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць
агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, якая гарантуе права кожнага
індывідуальна альбо ў групе асобаў абараняць правы іншых. Такая дзейнасць
цалкам адпавядае Канстытуцыі Беларусі і павінна быць гарантаваная з боку
дзяржавы.
Мы расцэньваем
пачатак крымінальнага пераследу па факце дзейнасці ПЦ “Вясна” як чарговы
пераслед у сувязі з нашай актыўнай праваабарончай дзейнасцю з боку існуючага
аўтарытарнага палітычнага рэжыму А. Лукашэнкі, які адбываецца на фоне
беспрэцэдэнтных рэпрэсій у краіне.
Гэтыя дзеянні
ўладаў Беларусі груба парушаюць шэраг міжнародных пагадненняў, удзельнікам якіх
з'яўляецца і Рэспубліка Беларусь, у прыватнасці, Міжнароднага Пакта
аб грамадзянскіх і палітычных правах, Дэкларацыі аб праве
і абавязкі асобных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць
агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды, Кіруючых прынцыпаў АБСЕ па абароне
праваабаронцаў,
Кіруючых прынцыпаў па свабодзе аб'яднанняў.
Мы выказваем
свой пратэст у сувязі з чарговымі рэпрэсіямі ў дачынні да нашай арганізацыі і
яе сябраў. Мы ніколі не спынім сваёй законнай праваабарончай дзейнасці на
карысць усяго беларускага грамадства, скіраванай на прасоўванне ідэй і каштоўнасцяў
правоў чалавека і дэмакратыі», – гаворыцца ў заяве арганізацыі.