Жыхара Рэчыцы аштрафавалі на 1160 рублёў за нацыянальны сцяг ва ўласным двары
Андрусь ГАЁВЫ
16.02.2021
>>>
Згодна з
матэрыяламі справы, у РАУС нехта ананімна накіраваў данос праз электронную
пошту з паведамленнем, што над хатай у чалавека вісіць бел-чырвона-белы сцяг.
Алесь ЗДАРАВЕННАЎ.
Рэчычанін Алесь
Здаравеннаў прымацаваў да вентыляцыйнае трубы на сваёй хаце ў прыватным
сектары нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг яшчэ ў лістападзе. З таго часу сцяг
вісеў і нікому не замінаў. Больш таго, у пачатку снежня яго заўважылі
міліцыянты, апыталі Алеся і некалькіх суседзяў і на тым справа сціхла.
Але 23 студзеня да Алеся зноў прыйшоў міліцыянт. Ім аказаўся
ўчастковы Вадзім Пінкін. Алесь
спрабаваў быў даказаць, што гаспадарыць ва ўласным падворку і ўпрыгожвае яго
так, як лічыць патрэбным, і падворак не ёсць публічным месцам, дзе б ён
праводзіў нейкія масавыя мерапрыемствы. Пінкін нават мераў адлегласць ад плота
вуліцы да месца, дзе стаіць сцяг, і намераў ажно 6 метраў. Але гэта не
перашкодзіла яму скласці на Алеся Здаравеннага пратакол аб адміністрацыйным
правапарушэнні, абвінаваціўшы ў правядзенні адзіночнага пікетавання «з мэтай публічнага
выказвання сваіх грамадска-палітычных цікавасцяў».
_______________________________________________________
Чытайце таксама:
_______________________________________________________
Пры гэтым, якія канкрэтна грамадска-палітычныя цікавасці
выказваў Здаравеннаў праз вывешванне нацыянальнага сцяга над уласнай хатай,
Пінкін у сваіх матэрыялах не патлумачыў. А між тым, гэта з’яўляецца адной з
прыкметаў, якія, паводле дзейнага закону аб масавых мерапрыемствах, дазваляюць
кваліфікаваць дзеянне, як пікетаванне.
У судзе Рэчыцкага раёну адміністрацыйную справу Алеся
Здаравеннага разглядаў суддзя Вадзім Бобыраў. Падчас апытання Алесь патлумачыў,
што на сваёй уласнай хаце павесіў сцяг для сябе, а не для нейкіх масавых
мерапрыемстваў.
«Мне гэты сцяг падабаецца. Ён
прыгожы. Гэта наша гісторыя. З гэтым сцягам Беларусь стала незалежнаю. З тым,
што я такім чынам праводзіў пікетаванне, я катэгарычна не згодны», – сказаў
Алесь Здаравеннаў.
Ён дадаў, што ў законе аб масавых мерапрыемствах пікетаванне вызначаецца як
публічнае выказванне нейкіх цікавасцяў. А ён павесіў сцяг не ў публічным месцы,
а на ўласным падворку.
«Чаму ж тады вы не павесілі гэты сцяг
унутры свайго дома», – спытаў суддзя Бобыраў.
«У мяне і ўнутры вісіць такі ж сцяг»,
– адказаў Здаравеннаў.
«Заяўку на
правядзенне гэтага мерапрыемства ў Рэчыцкі райвыканкам вы падавалі?», – спытаў Бобыраў.
«Я не лічу, што гэта мерапрыемства. Таму
не падаваў ніякіх заяваў. Я ў верасні прыцягваўся да адказнасці за ўдзел у
мітынгу – там так, я ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве, а тут я ні ў якім
пікеце не ўдзельнічаў, ні да чаго не заклікаў, проста ў маім двары вісеў сцяг»,
– патлумачыў Алесь Здаравеннаў.
Алесь таксама распавёў перадгісторыю з’яўлення справы. 21 студзеня да яго
каля 16 гадзіны прыйшоў мужчына ў нецвярозым стане і пачаў пагражаць, што
створыць яму праблемы за тое, што ён павесіў у сябе гэты сцяг. Палічыўшы, што
гэты нецвярозы мужчына можа неяк сапсаваць ягоную маёмасць – пабіць шыбы ў доме
ці нешта яшчэ, Алесь на наступны дзень сцяг зняў. А яшчэ праз дзень да яго
прыйшоў участковы. Прычым, сцягу на момант візіту міліцыянта ўжо над хатай не
было. Але Алесь не адмаўляў, што ён там раней вісеў.
Суддзя Вадзім БОБЫРАЎ.
У матэрыялах справы, якія агучыў Бобыраў, акрамя пратакола аб
адміністрацыйным правапарушэнні, маюцца звесткі з РАУС, ад тым, што туды
паступіў зварот праз электронную пошту ад нейкага чалавека, які падпісаны як «Иоанн», дзе ён ставіць
пытанне аб правамоцнасці знаходжання на падворку Здаравеннага беларускага
нацыянальнага сцяга, пратакол апытання Алеся Здаравеннага, адказ з
райвыканкаму, што яны не давалі дазволаў на правядзенне масавых мерапрыемстваў,
раздрукоўка з пашпартнай сістэмы і звесткі аб ранейшых прыцягненнях Алеся да
адміністрацыйнай адказнасці.
Ні пратаколу агляду месца здарэння ці нейкіх прадметаў, ні пратаколу
апытання заяўніка, які нібыта выкрыў факт правапарушэння, ні пратаколаў
апытання нейкіх сведкаў, якія маглі б тэарэтычна быць таею «публікай», на якую
разлічанае нібыта пікетаванне, у матэрыялах справы не агучана.
Тым не менш, суддзя Вадзім Бобыраў паставіў у палітычнай рэпрэсіі кропку,
вынесшы пастанову, у якой прызнаў Алеся Здаравеннага вінаватым у несанкцыянаваным
пікетаванні і прысудзіў яму штраф у 40 базавых велічыняў (1160 рублёў).
Алесь Здаравеннаў сказаў, што не згодны з такім рашэннем і будзе яго
абскарджваць.
«Артыкул 19 Міжнароднага пакту аб
грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама артыкул 33 Канстытуцыі Беларусі
даюць кожнаму чалавеку права прытрымлівацца сваіх меркаванняў, поглядаў і
перакананняў і свабодна іх выказваць. І Канстытуцыя не прадугледжвае абмежавання
ці рэгулявання гэтага права нейкімі законамі. Тым не менш, цяперашні закон аб
масавых мерапрыемствах накладае істотныя абмежаванні на магчымасць выказвання
сваіх поглядаў і меркаванняў. Прычым, праваўжывальныя органы нават не саромеюцца
пісаць у пратаколах і судовых пастановах, што пераслед ажыццяўляецца за
выказванне чалавекам нейкіх сваіх меркаванняў, якое падаецца як масавае
мерапрыемства і штучна падганяецца пад дзеянне закону аб масавых мерапрыемствах.
І гэтая сітуацыя – не выключэнне. Чалавек выказаў сваё меркаванне пра
прыгажосць нацыянальнага сімвалу на ўласным падворку, а яго рэпрэсавалі паводле
ананімнага даносу», – пракаментаваў сітуацыю кіраўнік Рэчыцкай філіі Праваабарончага
цэнтру «Вясна» Валер Пуціцкі.