Актывісты з Рэчыцы і гомельскія валанцёры падтрымалі палітзняволеную валанцёрку ПЦ «Вясна» Таццяну Ласіцу перадачай у вязніцу

Палеская Вясна 12.02.2021

Прадукты харчавання, мыйныя і пральныя сродкі, сшыткі, алоўкі, асадкі і забаўкі ўдалося перадаць ў следчы ізалятам № 3 ў Гомелі, куды дзейныя цяпер у Беларусі ўлады 21 студзеня зняволілі актывістку кампаніі «Гавары праўду», экс-кандыдатку на дэпутата Палаты прадстаўнікоў і валанцёрку Праваабарончага цэнтру «Вясна» Таццяну Ласіцу.

У пакоі прыёму перадачаў Гомельскага СІЗА-3.

Пакуль іншыя рэчыцкія актывісты атрымалі ад Таццяны Ласіцы ўсяго адзін ліст. Таму яны падазраюць, што іншыя лісты да яе не даходзяць, бо напісалі ўжо сем. У сваім адказе на адзін з лістоў Таццяна паведаміла, што трымаецца ў добрым стане духа. Яна папрасіла перадаць ёй пісьмовыя прылады і красворды, каб было чым бавіць час.

Усё гэта, а таксама розныя харчовыя прадукты актывістам з Рэчыцы дапамаглі сабраць валанцёры з Гомеля, якія падчас валанцёрскай праваабарончай дзейнасці Таццяны Ласіцы пазнаёміліся з ёй. У СІЗА-3 перадачу прынялі.

Таццяна ЛАСІЦА.

Таццяна Ласіца была затрыманая 21 студзеня і пазней абвінавачаная паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 29 студзеня супольнай заявай васьмі праваабарончых арганізацыяў Беларусі Таццяна Ласіца была прызнаная палітычнай зняволенай.


Праваабаронцы лічаць, што дзейнасць, якой займалася Таццяна падчас валанцёрства у Гомельскай філіі ПЦ  «Вясна»,  – гэта ажыццяўленне права індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыцяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнароным узроўнях. Гэтае права прадугледжанае Дэкларацыяй аб праве і абавязках асобных асобаў, групаў і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды (Дэкларацыя аб праваабаронцах), прынятай у 1998 годзе Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў.
З гэтых падставаў пераслед Таццяны Ласіцы праваабарончай супольнасцю разглядаецца як палітычна матываваны, скіраваны на спыненне яе публічнай і негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод.