У Рэчыцы на 290 рублёў аштрафавалі 72-гадовую пенсіянерку за падтрымку палітвязня Ігара Лосіка

Палеская Вясна 12.02.2021

>>

Пенсіянерка не ўяўляла, што на фотаздымкі кампаніі на беразе ракі трэба пытацца дазволу ва ўлады.

Тамара Калмыкова 21 студзеня, гуляючы берагам ракі, убачыла кампанію моладзі з нацыянальнай сімволікай. Яна падыйшла да маладзёнаў і сфатаграфавалася з імі. На маладзёнах былі маскі і шапкі. Тамара Рыгораўна свой твар не хавала, таму міліцыянты лёгка вызначылі яе асобу і склалі на яе пратакол за адміністрацыйнае правапарушэнне, паводле часткі 1 артыкула 23.34, прызнаўшы, што яна паўдзельнічала ў пікеце.

12 лютага адбыўся суд. Справу разглядаў суддзя Станіслаў Іванюценка. Ён выслухаў аповяд Тамары Калмыковай і запытаўся ў які момант у кампаніі з’явіліся сцягі. Яна адказала, што як пачалі фатаграфавацца, так і з’явіліся.

«А вы ведаеце, што гэта за сцяг?», – спытаў Іванюценка.

«Ну я ж не зусім дрымучая. Нашы нацыянальныя сцягі. Лукашэнка яшчэ пад такім прымаў прысягу. У сцяга даўняя гісторыя», – адказала Тамара Калмыкова.


Таксама ў Тамары Калмыковай быў плакат з надпісам «Рэчыца, далучайся!». Яна патлумачыла, што ў гэтым плакаце няма нейкіх заклікаў да звяржэння Лукашэнкі. «Вас у звяржэнні Лукашэнкі і не абвінавачваюць», – сказаў Іванюценка.

Пасля досыць працяглага перапынку Станіслаў Іванюценка абвясціў пастанову, у якой прызнаў Тамару Калмыкову вінаватай у правядзенні пікетавання і прызначыў ёй штраф, памерам 10 базавых велічыняў (290 рублёў). 

На суд над Тамарай Калмыковай прыехала экс-кандыдатка на прэзідэнта і сустаршыня Грамадскага аб'яднання «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч. Пасля абвяшчэння выраку яна сказала, што тое, што адбылося - гэта звычайныя палітычныя рэпрэсіі, і параіла Тамары Калмыковай абскарджваць рашэнне Станістлава Іванюценкі, паабяцаўшы дапамогу ў гэтым.