Жыхара Рэчыцы прызналі палітычным зняволеным

Палеская Вясна 11.02.2021

Сем праваабарончых арганізацыяў Беларусі 10 лютага выступілі з чарговай заявай аб прызнанні яшчэ сямі чалавек палітычнымі зняволенымі. Сярод іх аказаўся і рэчычанін.

Жыхара Рэчыцы Уладзіміра Міхалку дзейныя ў Беларусі цяпер улады абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі і зняволілі. Паводле інфармацыі праваабаронцаў Праваабарончага цэнтру «Вясна», ён цяпер утрымліваецца ў Гомельскім следчым ізалятары.

Згодна з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», падтрыманым праваабарончымі арганізацыямі шэрагу краінаў, у тым ліку і Беларусі, палітычным зняволеным можа быць прызнаная асоба, якая пазбавілася волі, калі мае месца хаця б адзін з наступных чыннікаў: a) пазбаўленне волі было ўжыта выключна з-за яе палітычных, рэлігійных або іншых перакананняў, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў і інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод; b) пазбаўленне волі было ўжыта выключна з-за негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод; c) пазбаўленне волі было ўжыта выключна па прыкмеце полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнага, этнічнага, сацыяльнага або радавога паходжання, нараджэння, грамадзянства, сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці, маёмаснага становішча ці іншых прыкметах або зыходзячы з наяўнасці ўстойлівай сувязі з супольнасцямі, аб'яднанымі такімі прыкметамі.

_______________________________________________________

У сумеснай заяве праваабрончых арганізацыяў краіны, прынятай 10 лютага, гаворыцца, што сямёра грамадзян Беларусі прызнаныя палітычнымі зняволенымі паводле дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія ўсталёўваюць крымінальную адказнасць за негвалтоўныя дзеянні, якія звязаныя з абразай службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў. Падобныя дзеянні сусветным правам аб правах чалавека разглядаюцца як ажыццяўленне свабоды меркаванняў і іх выказвання.

У сувязі з адзначаным, праваабарончая супольнасць Беларусі заявіла пра тое, што яна лічыць пераслед і пазбаўленне волі сямі асоб, у тым ліку і рэчычаніна Уладзіміра Міхалкі, палітычна матываваным і звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены» і запатрабавала ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць людзей, прызнаных палітычнымі зняволенымі і спыніць іх прымінальны пераслед.

_____________________________________________________


Станам на 11 лютага 2021 году ў Беларусі 246 палітычных зняволеных

_____________________________________________________


Таксама ў заяве праваабаронцаў утрымліваецца патрабаванне адмены артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт.188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спынення ўсіх, раней узбуджаных паводле гэтых артыкулаў, крымінальных справаў.