У Светлагорску кавалак тканіны белага і чырвонага колераў на балконе прызналі пікетам і пакаралі трэнера футбольнага клуба

Андрусь ГАЁВЫ 26.01.2021

>

26 лістапада мінулага года ў адным з тэлеграм-каналаў міліцыянты знайшлі фотаздымак з выявай дома у светлагорскім мікрараёне «Палессе». На восьмым паверсе дома яны заўважылі кавалак матэрыі белага і чырвонага колераў. Яны ўвайшлі ў кватэру, дзе ў гэты час знаходзіўся непаўнагадовы пасынак гаспадара, правялі апытанне хлопца і распачалі адміністрацыйную справу за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства.


26 студзеня адбылося судовае паседжанне, на якім суддзя Уладзімір Сцяпанаў судзіў трэнера футбольнай каманды «Хімік» Віктара Цыбульскага. Паводле пратаколу, які склаў у дачыненні да Віктара Цыбульскага ўчастковы інспектар міліцыі Сяргей Камароў, Цыбульскі «26 лістапада 2021 года, парушыўшы парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, у прыватнасці артыкула 2 закона “Аб масавых мерапрыемствах”, вывесіў на балконе восьмага паверху сваёй кватэры, змясціўшы на ўсеагульны агляд, бел-чырвона-белае палатно (сцяг), такім чынам выказваючы сваё стаўленне да падзеяў грамадска-палітычнага жыцця, чым парушыў частку 1 артыкула 23.34 КабАП».

На судзе Віктар Цыбульскі сябе вінаватым не прызнаў. Ён патлумачыў, што раней у яго ў пакоі вісела фіранка белага колеру з чырвонымі палосамі. Пасля таго, як яна сапсавалася ад часу, ён парэзаў яе на кавалкі, і часам выкарыстоўваў у якасці абрусу. Калі абрус забруджваўся і яго даводзілася мыць, ён вывешваў яго на балкон сушыць. Гэта адбывалася на працягу самамала апошнія паўтара года і аніякіх пытанняў да яго ні разу не ўзнікала. Менавіта гэты кавалак фіранкі і прынялі за сцяг міліцыянты.

Пасля апытання Цыбульскага ў якасці сведкі апыталі ўчастковага Камарова. Ён не здолеў патлумачыць, чаму ў матэрыялах справы дата пазначаная заканчэннем цяперашняга году, спаслаўшыся на апіску. Тое, што замест артыкула закона «Аб масавых мерапрыемствах», які рэгулюе нібыта парушаны Цыбульскім парадак правядзення масавых мерапрыемстваў, ён указаў артыкул пра асноўныя паняцці і тэрміны, якія ўжываюцца ў законе, а таксама ўвогуле не згадаў правядзенне якога ж масавага мерапрыемства ставіцца ў віну Віктару Цыбульскаму, Камароў патлумачыў тым, што пісаў пратакол вельмі хутка (26 студзеня сыходзіў двухмесячны тэрмін накладання адміністрацыйнага спагнання), маючы на ўвазе пікетаванне.

У выніку суддзя Сцяпанаў замест разгляду справы ў тым выглядзе, у якім яна паступіла яму з РАУС, даў міліцыянту, які ў гэты час меў у працэсе статус сведкі, 15 хвілін, каб той унёс у матэрыялы адміністрацыйнай справы праўкі і дапаўненні непасрэдна падчас хады судовага разбіральніцтва.

Пасля таго, як сведка Камароў унёс у матэрыялы справы праўкі і дапаўненні, на якія звярнуў ягоную ўвагу падчас апытання ў якасці сведкі суддзя, разгляд працягнуўся. Быў апытаны 17-гадовы пасынак Віктара Цыбульскага. Ён патлумачыў, што, калі ў кватэру, дзе ён знаходзіўся адзін, увайшлі міліцыянты, ён спалохаўся, бо раней не меў стасункаў з карнымі органамі. Таму падпісаў тое, што напісаў супрацоўнік міліцыі. У тлумачэннях, якія ён даваў міліцыянтам падчас апытання без сваіх законных прадстаўнікоў і без абаронцаў, зачытаных суддзёй з пісьмовых матэрыялаў справы, ён сказаў, што тое, што яму назвалі сцягам, вывесіў ягоны айчым Віктар Цыбульскі, бо ён паважае чырвоныя і белыя колеры, як колеры формы ягонай футбольнай каманды.

Ужо ў студзені яго апытвалі зноў і ён патлумачыў, што на балконе вісеў кавалак фіранкі, які тады там сушыўся.  

Пасля невялікага перапынку суддзя Уладзімір Сцяпанаў абвясціў пастанову ў справе. Ён прызнаў Віктара Цыбульскага вінаватым у правядзенні масавага мерапрыемства – пікетавання, з парушэннем парадку ў сябе на балконе і прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафа, памерам 3 базавыя велічыні.