У Мазыры 70-гадовага пенсіянера за шпацыр у парку абвінавацілі ў пікетаванні

Палеская Вясна 23.12.2020

Мазырскія міліцыянты працягваюць палітычныя рэпрэсіі супраць жыхароў горада.

Гэтым разам ахвяраю рэпрэсіўнай машыны стаў 70-гадовы пенсіянер Аляксей Пятроўскі. На яго склаў пратакол участковы інспектар Мазырскага РАУС старшы лейтэнант міліцыі Аляксандр Канопліч. Дата складання пратакола, якая ў ім пазначана – 10.12.2020

Пры гэтым Канопліч надрукаваў (магчыма, скапіяваўшы аднекуль) у пратаколе, дзе ўсё астатняе напісана ад рукі, што «20.12.2010 около 14.10 часов Петровский А.В. принимал активное участие в проводившемся без соответствующего разрешения Мозырского райисполкома и в нарушении порядка установленного ч. 1 ст. 10 Закона Республики Беларусь от 30 декабря 1997 года № 114-З “О массовых мероприятиях в Республике Беларусь” в несанкционированном массовом мероприятии – “Пикетирование”, а именно находился в «парке культуры и отдыха Победа» от дома 81 до 35 по улице Советской в городе Мозыре в ходе чего держал флаг бело-красно-белого цвета, с целью публичного выражая свое общественно политическое настроение, а именно выражение не согласия с действующей властью, действуя повторно в течении года после наложения административного взыскания за аналогичное правонарушение от 30.10.2020, чем совершил правонарушение предусмотренное ч. 3 ст. 23.34 КоАП Республики Беларусь» (мова, арфаграфія, стылістыка і пунктуацыя старшага лейтэнанта Аляксандра Канопліча захаваныя, бо яны дужа адметныя і надта яскрава ілюструюць адукацыйны ўзровень супрацоўнікаў, якія дагэтуль застаюцца працаваць у органах унутраных справаў Беларусі). 


«У той дзень я проста пайшоў шпацыраваць па горадзе, узяўшы невялічкі беларускі нацыянальны сцяжок, які мне падабаецца, і калонку, праз якую я звычайна, шпацыруючы, слухаю музыку. Я прайшоў усю вуліцу Фрунзэ, плошчу Горкага і спусціўся ў парк. Не прайшоў уздоўж Прыпяці і пару соцень метраў, як пад’язджае міліцэйская машына, з яе выходзяць чатыры міліцыянты, загадваюць сесці ў машыну разам са сцяжком і музыкай. Потым завезлі ў РАУС афармляць мяне як правапарушальніка. Я ім задаваў пытанні: “Вы самі сябе чуеце? Вы расійскай мовай валодаеце? У якім масавым мерапрыемстве я мог браць актыўны ўдзел, шпацыруючы адзін і слухаючы музыку?” А яны нібы і галовамі згодна ківаюць, але пішуць гэты бязглузды пратакол. У выніку ў мяне забралі мой сцяжок і калонку, пры гэтым не выдалі на рукі аніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі, што яны забралі маю маёмасць», – пракаментаваў тое, што з ім адбылося, Аляксей Пятроўскі.  

Аляксей ПЯТРОЎСКІ ў жніўні 2020 года. 

Пенсіянер адмовіўся ад падпісання пратаколу, напісаўшы ў тлумачэннях, што ён шпацыраваў адзін і слухаў музыку.