Акцыя ў Маскве пабіла «рэкорд» па колькасці затрыманых — больш за тысячу чалавек
Палеская Вясна
28.07.2019
У цэнтры Масквы прайшлі жорсткія затрыманні гараджанаў, якія пратэстуюць супраць зняцця з выбараў у Маскоўскую гарадскую думу больш чым дваццаць незалежных кандыдатаў.
Паводле дадзеных «ОВД-Инфо», затрыманыя больш за тысячу трыста чалавек. Гэта нашмат больш, чым было затрымана ў чэрвені 2019 году ў Маскве на маршы ў падтрымку журналіста Івана Галунова (423 чалавек), і больш, чым паліцыя адвезла ў пастарункі пасля «Маршу мільёнаў» у 2012 годзе (400 чалавек).
Раней рэкардсмэнам па затрыманнях у Маскве была антыпуцінская акцыя «Ён нам ня цар»: тады ў сталіцы Расіі было затрымана больш за 700 чалавек, а па ўсёй Расіі — больш за 1600. Цяпер гэты «рэкорд» пабіты, нават калі частку затрыманых адпусцяць з аддзяленняў без складання пратаколаў.
27 ліпеня пачынаючы з 14.00 у цэнтры Масквы больш за дзясятак апазіцыйных і незалежных палітыкаў, якіх Масгарвыканкам не дапусціў да выбараў у Масгардуму, збіраліся правесці масавую сустрэчу з выбаршчыкамі ля будынку мэрыі на Цвярской вуліцы. Зрабіць гэта ім не ўдалося: паліцыя спачатку затрымала саміх палітыкаў, а потым жорстка затрымлівала ўсіх, хто прыйшоў на акцыю.
Спачатку пратэстоўцы збіраліся на Цвярской вуліцы, але адтуль іх выцеснілі сілавікі ў прылеглыя да Цвярской завулкі. Пратэсты перамясціліся на Арбат і на Садовае кальцо.
Увечары людзі перайшлі на Трубную плошчу, дзе анансавалі сустрэчу Любоў Собаль, Ілля Яшын і іншыя кандыдаты ў дэпутаты. Там збіццё было асабліва жорсткім.
Юрыст Алена Лук’янава ў размове з Настоящим Временем падкрэсліла, што дзеянні паліцыі ў суботу ў Маскве былі «правакацыйнымі», а ўзровень гвалту з боку сілавікоў быў незвычайна высокім і нагадваў дзеянні паліцыі падчас пратэстаў на Балотнай плошчы ў 2012 годзе.
Радыё Свабода