Выбары прэзыдэнта ў Казахстане: парушэнні, пратэсты, затрыманні
Палеская Вясна
11.06.2019
Цэнтральная выбарчая камісія Казахстану абвясціла, што яўка па краіне на прэзыдэнцкіх выбарах склала 77%. Самы нізкі паказнік яўкі ў Алматы — 52,2%.
Некаторыя казахстанскія апазыцыйныя аб’яднаньні байкатавалі выбары, заяўляючы аб перадвызначаным характары кампаніі і адсутнасці рэальнай канкурэнцыі. У дзень выбараў паліцыя затрымлівала актывістаў, якія заклікалі да байкоту.
Намеснік міністра ўнутраных справаў Казахстану Марат Кажаеў на брыфінгу ў ЦВК паведаміў, што «з месцаў правядзеньня несанкцыянаваных пратэстаў у Алматы і Нур-Султане ў паліцыю даставілі каля 500 чалавек». Заклікі да байкоту Кажаеў назваў спробай «дэстабілізаваць грамадcкую абстаноўку з боку радыкальна настроеных элемэнтаў». Віцэ-міністар абвергнуў інфармацыю пра смерць аднаго з удзельнікаў мітынгу. Паводле Кажаева, у Алматы ніхто з удзельнікаў пратэсту не звяртаўся па мэдычную дапамогу, у Нур-Султане на месцы правядзеньня акцый да мэдычных работнікаў звярнуліся 12 чалавек.
Між тым відавочцы паведамляюць, што паліцыя паводзіла сябе жорстка, затрыманыя былі ў тым ліку і журналісты.
У Генпракуратуры Казахстану паведамілі, што ў дзень прэзідэнцкіх выбараў у краіне зафіксавана 19 парушэнняў выбарчага заканадаўства. Сярод парушэнняў — незаконная агітацыя, выдача грамадзянам на рукі па некалькі бюлетэняў, ўкіды ў скрыню па некалькі бюлетэняў і галасаванне на двух участках. Распачата 18 адміністрацыйных справаў, матэрыялы накіраваныя ў суд, а сябры выбарчых камісіяў, якія дапусцілі парушэнні, адхіленыя, паведамілі ў Генeральнай пракуратуры.
Пазачарговыя прэзідэнцкія выбары ў Казахстане праходзяць упершыню ў найноўшай гісторыі краіны без удзелу ў якасці кандыдата Нурсултана Назарбаева. Ён зняў з сябе прэзідэнцкія паўнамоцтвы сёлета ў сакавіку пасля амаль 30 гадоў кіравання, але захаваў значную ўладу.
Менш як праз тры тыдні пасля складання Назарбаевым паўнамоцтваў былы спікер сэнату Касым-Жамарт Такаеў, які ўступіў на пасаду прэзідэнта, прызначыў датэрміновыя выбары. Рэгістрацыю прайшлі сем кандыдатаў, у тым ліку Такаеў, якога вылучыла партыя, што ўзначальвае Назарбаеў.
Такаеў, прызначаны Нурсултанам Назарбаевым выканаўцам абавязкаў прэзідэнта, набраў 70,76% галасоў. За апазыцыянэра Аміржана Касанава налічылі 16,02%. Кандыдатка ад «канструктыўнай апазыцыі», першая ў гісторыі краіны жанчына-кандыдатка ў прэзыдэнты, набрала 5,2%, паводле ЦВК. Іншыя кандыдаты мелі менш за 5%.
10 чэрвеня сотні паліцыянтаў застаюцца ў раёне Палаца моладзі ў сталіцы, каля якога ўчора праходзіла акцыя пратэсту грамадзян, якія сьцьвярджаюць, што выбары 9 чэрвеня не зьяўляюцца сумленнымі і свабоднымі.
Паводле дадзеных міністэрства ўнутраных спраў Казахстану, у Алматы і Нур-Султане было затрымана «каля 500 чалавек». Між тым з раніцы 10 чэрвеня паступае інфармацыя аб тым, што затрыманых пасля выязных судоў, якія доўжыліся да самай раніцы, пад канвоем перавозяць у іншыя населеныя пункты, як мяркуецца, у сувязі з «недахопам месцаў у спецпрыёмніку для адміністрацыйна асуджаных».
Паводле звестак праваабаронцаў, у Алматы 9 чэрвеня паліцыя затрымала каля 400 чалавек. У Нур-Султане колькасьць затрыманых, згодна з паведамленьнямі, таксама складае сотні чалавек.
Радыё Свабода