Вынік выбараў ва Украіне: Зяленскі усталяваў гістарычны рэкорд і стане шостым прэзідэнтам
Палеская Вясна
24.04.2019
Цэнтральная выбарчая камісія Украіны апрацавала 100% выбарчых пратаколаў у другім туры выбараў прэзідэнта.
Уладзімір Зяленскі
Паводле падліку бясспрэчную перамогу з вялікім адрывам атрымаў артыст-комік Уладзімі Зяленскі. За яго аддалі свае галасы 13 541 528 выбаршчыкаў, што складае 73.22% галасоў. Дзейны прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка атрымаў толькі 4 522 320 галасоў выбаршчыкаў, або 24.45%. Усяго ў другім туры выбараў прэзідэнта Украіны ўзялі дзел 18 491 837. Несапраўднымі вызналі 2.31% бюлетэняў.
Вынік Уладзіміра Зеленскага перасягнуў любыя ранейшыя вынікі на выбарах прэзідэнтаў Украіны. Леанід Кучма абіраўся прэзідэнтам двойчы - у 1994 і ў 1999 гадах. Першы раз за яго прагаласавалі 52,15% выбаршчыкаў, а ў другі 56,25%. На выбарах 2004 года Віктар Юшчанка не пагадзіўся з вынікамі другога туру і аспрэчыў іх у судзе. Пасля перагаласавання за яго падалі свае галасы 51,99% выбаршчыкаў. Віктара Януковіча ў 2010 годзе падтрымалі ў другім туры толькі 48,95%, але ён не дакіраваў належны яму тэрмін. Спалохаўшыся пакарання за расстрэл дэманстрантаў на Майдане ўзімку 2014 года, ён уцёк з краіны і цяпер хаваецца ў Расіі. Выбары новага прэзідэнта ў 2014 годзе прынеслі Пятру Парашэнку 54,7% у першым жа туры.