У Светлагорску ў Дзень правоў чалавека людзі сталі ў чаргу, каб адправіць лісты палітвязням

Андрусь ГАЁВЫ 10.12.2020

>

У Міжнародны Дзень правоў чалавека жыхары Светлагорска прыйшлі да мясцовага паштампту, каб адправіць лісты людзям, якія знаходзяцца ў месцах зняволення з палітычных меркаванняў. Таксама актывісты размясцілі на інфармацыйным стэндзе ў цэнтры горада матэрыялы, прысвечаныя Міжнароднаму Дню правоў чалавека.


Светлагорск – адзін з раённых цэнтраў, жыхар якога – Павел Нядбайла, таксама зняволены з палітычных меркаванняў і прызананы праваабарончай супольнасцю палітвязнем. Зазналі розныя рэпрэсіі і шматлікія іншыя жыхары горада. Акрамя таго, многіх не пакідае абыякавымі лёс усіх людзей, якія за свае палітычныя погляды знаходзяцца ў беларускіх турмах.


«Сёння ў Беларусі ўжо больш за 160 палітвязняў. Лукашэнкаўскі рэжым рэпрэсуе ўсіх людзей, якія думаюць і выказваюцца супраць гэтага рэжыму, супраць таго, што ўлада ў нашай краіне не змяняецца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, супраць таго, што людзей у Беларусі катуюць і забіваюць за палітычныя погляды», – распавяла кіраўніца Светлагорскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алена Маслюкова.  


Неабыякавыя жыхары горада адправілі каля 50 лістоў палітычным зняволеным у месцы, дзе яны зараз утрымліваюцца – у СІЗА КДБ, у турму ў Жодзіна, у ЦІП на Акрэсціна. Каб кінуць лісты ў паштовую скрыню да яе ўтварылася чарга. Адна жанчына адправіла таксама пасылку палітзняволенаму – блогеру Уладзіміру Няронскаму.


Акрамя таго, побач з паштамптам і цэнтральнай плошчай Светлагорска на галоўным гарадскім стэндзе для абвестак актывісты аформілі тэматычны раздзел, на якім размясцілі матэрыялы, прысвечаныя Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Менавіта яе прыняццё 10 снежня 1948 года і стала пачаткам заснавання Міжнароднага Дня правоў чалавека. Асноўныя тэзісы Дэкларацыі ў розным мастацкім выкананні мясцілі на тэматычным стэндзе, каб пра свае правы маглі ведаць жыхары горада.