Масавыя арышты ў Крыме: 9 актывістаў крымскіх татараў узялі пад варту, яшчэ 11 затрыманых чакаюць суду
Палеская Вясна
28.03.2019
Суд у анэксаваным Расіяй украінскім Крыме 27 сакавіка адправіў да 15 траўня пад арышт дзевяць крымскіх татараў, якіх затрымалі раней праз падазрэнне ў датычнасці да дзейнасці забароненай у Расіі арганізацыі «Хізб-ут-Тахрыр», паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку журналіст Антон Наумлюк.
28 сакавіка чакаецца суд, які вызначыць меру стрымання для яшчэ 11 затрыманых напярэдадні крымскататарскіх актывістаў. Яшчэ чатыры чалавекі абвешчаныя ў вышук.
Адвакат аднаго з арыштаваных Рустэма Сэйтхалілава Канстанцін Рустэмаў у камэнтары «Крым.Реаліі» сказаў, што судовае паседжанне ў дачыненні да ягонага падабароннага доўжылася некалькі хвілінаў.
Супрацоўнікі ФСБ, МУС Расіі і Расгвардыі 27 сакавіка правялі ў некалькіх населеных пунктах Крыму ператрусы і затрыманні ў дамах крымскататарскіх актывістаў у крымінальных справах аб арганізацыі дзейнасці тэрарыстычнай групы (у гэтым абвінавачваюць чатырох чалавек) і ўдзеле ў яе дзейнасці.
У ФСБ Расіі сьцьвярджаюць, што ўсяго затрымана 20 чалавек. Народны дэпутат фракцыі партыі «Блёк Пятра Парашэнкі» Рэфат Чубараў у ток-шоў "Ехо Украіны" заявіў, што затрыманыя 22 крымскіх татараў і што ў затрыманых ёсць 55 непаўналетніх дзяцей.
«У гэтых 22 чалавек 55 непаўналетніх дзяцей. Сёння да нашых 113 дзяцей тых палітвязьняў, якія ўжо ў турмах, яшчэ дадалося 55 дзяцей. І гэта будзе нарастаць камяком», — сказаў Чубараў.
Прадстаўнікі міжнароднай панісламісцкай палітычнай арганізацыі «Хізб ут-Тахрыр» называюць сваёй місіяй абʼяднанне ўсіх мусульманскіх краінаў у ісламскім халіфаце, але яны адпрэчваюць тэрарыстычныя метады дасягнення гэтага і кажуць, што церпяць ад несправядлівага пераследу ў Расіі. Вярхоўны суд Расіі забараніў «Хізб ут-Тахрыр» у 2003 годзе, уключыўшы ў спіс 15 абʼяднанняў, названых «тэрарыстычнымі». Ва Украіне дзейнасць арганізацыі не забароненая.
Паводле абвінавачванняў ва ўдзеле ў дзейнасці «Хізб-ут-Тахрыр» раней былі арыштаваныя і асуджаныя дзясяткі крымскіх татараў. Іх абаронцы лічаць пераслед матываваным паводле рэлігійнай прыкметы.
У Еўразвязе асудзілі ператрусы, праведзеныя ў дамах крымскіх татараў супрацоўнікамі расейскіх сілавых структур. Афіцыйны прадстаўнік дыпламатычнай службы Еўразвязу Мая Кацыянчыч заявіла на брыфінгу 27 сакавіка, што Еўразвяз паінфармаваны аб дзеяннях расійскіх уладаў у анэксаваным Крыме і пагаршэнні сітуацыі з правамі чалавека ў Крыме.
У Кіеве гэтую аперацыю расійскіх праваахоўных органаў назвалі самай маштабнай дэманстрацыяй парушэнняў правоў чалавека. Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка назваў ператрусы і арышты масавай акцыяй запалохвання крымскіх татараў расійскімі ўладамі.
Кіраўнік расійскіх ўладаў у Крыме Сяргей Аксёнаў заявіў, што цалкам падтрымлівае дзеянні супрацоўнікаў расійскіх сілавых структур, а любыя размовы пра рэпрэсіі, на яго думку, хлусня і дэмагогія.
Радыё Свабода