Беларусь адзначыла Дзень Волі - 2019. Улады на мірныя святкаванні адказалі затрыманнямі і гвалтам. (Сціслы пераказ падзеяў)

Палеская Вясна 28.03.2019

Радыё Свабода прапануе кароткі пераказ падзеяў, якія адбыліся ў краіне падчас сёлетняга святкавання 101-х угодкаў абвяшчэння першай уласна беларускай дзяржавы.  

 

  • 1 сакавікаАляксандар Лукашэнка падчас так званай "вялікай размовы" вусна забараніў святкаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100. Сказаў: «Ну 100-годдзе адзначылі, хопіць! Цяпер ідзіце на Бангалор (невялікая плошча на ўскрайку Менску - заўв. ПВ)».
  • 23 сакавіка ў Горадні канцэрт у Каложскім парку з удзелам Змітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.

  • 24 сакавіка ў Менску мітынг-канцэрт у Кіеўскім скверы з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысяч (паводле арганізатараў) гледачоў. Пасля выступу на сцэне сілавікі затрымалі Змітра Дашкевіча (былы лідар арганізацыі "Малады фронт") і Віталя Рымашэўскага (адзін з сузаснавальнікаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі), а таксама на ўваходзе ў Кіеўскі сквер схапілі актывістку Наталлю Басалыга-Гарачку

  • 25 сакавіка ў Гомелі прайшла акцыя памяці герояў БНР. 

  • 25 сакавіка ў Віцебску - адзіночны пікет Барыса Хамайды, які ўлады расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі на вокнах і балконах сваіх кватэраў на заклік арганізатараў #БНР101. Уладам не спадабалася, многім пагражалі пакараннямі. Сцяг менчука Вітаўта Сіўчыка спрабавалі зняць з балкона над плошчай Перамогі ў Менску, спецыяльна падагнаўшы будаўнічы пад'ёмнік. 

  • 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы - акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе кайданкамі і ланцугом да слупа). Яе затрымалі. Таксама затрымалі палітыкаў Віталя Рымашэўскага і Мікалая Казлова, якія ішлі ўскласці кветкі да будынку, у якім 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. Людзей, якія проста шпацыравалі па Кастрычніцкай плошчы хаця б з нейкімі прыкметамі нацыянальнай сімволікі (сцягі, стужкі. герб) на адзенні, заплечніках ці ў руках, затрымлівалі (усяго каля 10 чалавек). Увечары ў цэнтры Менску сілавікі схапілі жанчыну, якая проста ішла па вуліцы з нацыянальным сцягам. 

  • 25 сакавіка ў Менску на скрыжаванні пешаходных вуліц Камсамольскай і Рэвалюцыйнай, дзе звычайна граюць вулічныя музыкі, затрымалі вядомых выканаўцаў - Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча, Паўла Аракеляна, а таксама жонку Вольскага Мар'яну Вольскую. Музыкі меліся зладзіць бясплатны выступ у гонар свята. Да выступу прыйло шмат людзей, але артыстаў абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і суправадзілі ў мікрааўтобус без апазнавальных знакаў прыналежнасці да міліцыі, на якім завезлі ва Упраўленне ўнутраных справаў Цэнтральнага раёна сталіцы. Людзі, якія сабраліся на скражаванні вуліц паслухаць улюбёных артыстаў, застаўшыся без куміраў, спявалі іхнія песні самі. Міліцыя ўвесь час праз мегафон папярэджвала, што гэта незаконна, загадвала разыйсціся і пагражала ўжываннем гвалту і затрыманнямі. Увечары, калі сцёмнілася, музыкаў вызвалілі без складання пратаколаў аб нейкім правапарушэнні.  

  • 25 сакавіка з надыходам цемры ў розных гарадах жыхары запускалі салюты ў гонар свята.