Еўрапейскі парламент прыняў рэзалюцыю адносна правоў чалавека ў Беларусі

Цімур Казачэнка 26.11.2022

>

24 лістапада Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю аб правах чалавека ў Беларусі. Яна называецца «Аб рэпрэсіях, якія працягваюцца ў Беларусі супраць дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці».

У рэзалюцыі адзначана, што Еўрапарламент прымае пад ўвагу даклад Анаіс Марын, спецыяльнай дакладчыцы ААН па правах чалавека ў Беларусі, а таксама апошнія заявы ААН, АБСЕ, «Групы сямі» і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Канстатуецца, што парушэнні правоў чалавека і пераслед па палітычных прычынах у Беларусі працягваюцца.

Еўрапарламент выказаў салідарнасць народу Беларусі, заявіў аб падтрымцы дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, якія працягваюць выступаць за свабодную, суверэнную і дэмакратычную Беларусь.

Дэпутаты Еўрапарламента нагадалі, што Еўрапейскі Саюз і краіны, якія ўваходзяць у яго, не прызнаюць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 г. у Беларусі з-за масавых фальсіфікацый, і не прызнаюць А. Лукашэнку прэзідэнтам. Яны заклікалі да працягу падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці.

У рэзалюцыі называюцца прыклады нядаўніх палітычных працэсаў у беларускіх судах, у тым ліку прызначэнне першага завочнага судовага працэсу. Еўрапейскія дэпутаты асуджаюць прыгаворы па справе палітычнага зняволенага Мікалая Аўтуховіча, і патрабуюць вызвалення ўсіх палітзняволеных.

Еўрапарламент рашуча асуджае ўдзел уладаў Беларусі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны, размяшчэнне расійскіх войск у Беларусі і ваяўнічыя выказванні беларускіх уладаў. У рэзалюцыі падкрэслена, што Лукашэнка разам з іншымі звязанымі з ім асобамі таксама нясуць адказнасць за ваенныя злачынствы ва Украіне, і павінны адказваць перад міжнародным трыбуналам і Міжнародным крымінальным судом.

У рэзалюцыі таксама асуджаюцца спробы Лукашэнкі падарваць беларускую культуру і русіфікаваць беларускі народ, і выказана шкадаванне адносна рашэння беларускага МУС лічыць заклік «Жыве Беларусь!» нацысцкім.

Еўрадэпутаты заявілі аб вітанні прысуджэння Нобелеўскай прэміі міру беларускаму праваабаронцу, які знаходзіцца ў зняволенні, Алесю Бяляцкаму (выхадцу з Гомельшчыны). Яны заклікаюць вызваліць яго да цырымоніі ўручэння прэміі. Дэпутаты выказваюць падтрымку іншым палітзняволеным з  Праваабарончага цэнтра «Вясна».

У рэзалюцыі вітаецца стварэнне Кантактнай групы па супрацоўніцтве з беларускім грамадствам у Савеце Еўропы. Дэпутаты заклікалі ўстановы Еўрасаюза і краіны ЕС, а  таксама міжнародныя арганізацыі ўзмацняць сістэматычнае супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.

Еўрапарламент заклікае дапамагаць беларусам, якія вымушана апынуліся за межамі сваёй краіны, у тым ліку прадстаўнікам дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасці, прафсаюзаў, праваабарончых арганізацый і СМІ. Еўрадэпутаты заклікалі Еўрапейскую Камісію і краіны-члены ЕС падрыхтаваць працэдуру разгляду спраў беларусаў, якіх беларуская ўлада можа пазбавіць беларускага грамадзянства. Таксама ў рэзалюцыі заклікаецца аказваць падтрымку беларусам, якія пражываюць у ЕС, у якіх закончваецца тэрмін дзеяння дакументаў, якія сведчаць асобу, і якія не могуць вярнуцца ў Беларусь для іх падаўжэння.

Рэзалюцыя Еўрапарламента будзе накіравана ў Еўрапейскі Савет, Еўракамісію, Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў, парламентам і ўрадам краін Еўрасаюза, Раду Еўропы, АБСЕ, прадстаўнікам беларускіх дэмакратычных сіл, а таксама ўладам Беларусі і Расіі.