Прызначаная дата новага суда над палітвязнем Ігарам Аліневічам

Жорж Кунцэвіч 05.08.2022

>>

Актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча, асуджанага да 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, у мазырскую калонію этапавалі ў канцы траўня, нагадваюць праваабаронцы.

З таго часу на яго бесперапынна аказваецца ціск: па надуманых прычынах яго ўтрымлівалі ў штрафным ізалятары 30 сутак, пасля чаго перавялі ў памяшканне камернага тыпу. Пры гэтым за 21 месяц у зняволенні Ігара ніводнага разу не каралі ізалятарам.

Цяпер стала вядома, што 8 жніўня адбудзецца суд наконт узмацнення рэжыму і пераводу Ігара ў турму. Справу будзе разглядаць суддзя Мазырскага раёна Валянціна Новікава.

Нагадаем, актывіста анархічнага руху Ігара Аліневіча затрымалі пры пераходзе мяжы Беларусі ў ноч з 28 на 29 кастрычніка 2020 года.

Яго, а таксама Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава, абвінавацілі паводле шэрагу крымінальных артыкулаў за падпал службовых аўтамабіляў, будынка ДАІ і дзяржаўнага камітэта экспертыз у Гомельскай вобласці: акт тэрарызму (ч. 2 арт. 289 КК), незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў (ч. 2 і ч. 4 арт. 295); незаконнае перамяшчэнне праз мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў (ч. 1 арт. 333-1), нагадвае "Новы Час".

22 снежня 2021 года ў Менскім абласным судзе хлопцам быў вынесены прысуд — ад 18 да 20 гадоў зняволення.

Ігар Аліневіч атрымаў 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

У сярэдзіне лютага 2022 стала вядома, што Ігара перавялі з СІЗА-1 у гомельскі СІЗА-3. У сярэдзіне траўня яго этапавалі ў ПК № 20.