Лельчыцкага салдата, які ўцёк з Печаў на мінулым тыдні, злавілі ў суседнім раёне

Андрусь ГАЁВЫ 29.03.2019

Вайсковец Аляксандар Неўмяржыцкі, які знік 19 сакавіка з вайсковай часткі ў Печах, быў затрыманы 29 сакавіка каля 11.00 у пасёлку Дарожны Смалявіцкага раёна, паведаміла Радыё Свабода са спасылкай на Міністэрства абароны.

Спачатку пра знікненне паведаміў блогер NEXTA, затым паведамленне пацвердзіла Міністэрства абароны. Адзначалася, што ў дачыненні да салдата не было нейкіх санкцыяў, а да знікненьня ён двойчы ездзіў на радзіму ў Лельчыцкі раён.

Родам Аляксандр з вёскі Грабяні Лельчыцкага раёну, што ў некалькіх кіламетрах ад мяжы з Украінай. У вёсцы пра сітуацыю з Аляксандрам ведалі практычна ўсе жыхары і яны былі гэтым шакаваныя. Нягледзячы на тое, што Аляксандр не праслужыў яшчэ і паловы года, яго ўжо двойчы адпускалі ў звальненні на радзіму - 23 лютага і 8 сакавіка. Сталыя жыхары роднай вёскі характарызавалі хлопца як кемлівага і дысцыплінаванага, які можа за сябе пастаяць. Але яны не верылі, што Аляксандр мог збёгчы з вайсковай часткі - маўляў, калі б яму там нешта не падабалася, ён бы проста не вяртаўся туды са звальненняў. Асноўная версія вяскоўцаў - з ім нешта здарылася ў Печах альбо на палігоне. У той жа час, падлеткі, з якімі карэспандэнту Палескай вясны давялося размаўляць на вуліцах Грабянёў, казалі, што Аляксандр не хацеў ісці служыць і ставіўся да вайсковай службы адмоўна. Калі прыязджаў у звальненні, паведамляў сябрам, што з ягонай часткі падчас ягонай службы ўжо трое чалавек уцякалі. Бацькам Аляксандра, якія працуюць ў мясцовым лясніцтве, паводле сцвярджэнняў калег, забаранілі стасавацца з прэсай. У вёсцы знаходзіліся прадстаўнікі спецслужбаў у цывільным. 

неўмяржыцкі

Цяпер Аляксандра затрымалі за 23 км ад часткі, на паўдарозе ад Барысава да Мінску. Мінабароны сцьвярджае, што «самавольнае пакіданьне часткі» не звязанае з нейкімі проціпраўнымі дзеяннямі да ўцекача.

За «самаволку» завялі крымінальную справу. Паводле артыкулу 455 КК Беларусі, салдату можа пагражаць арышт (калі б аказалася, што яго не было больш за 10 дзён, маглі б пазбавіць волі на тэрмін да 3 гадоў — але, як піша Onliner.by са спасылкай на прэс-сакратара Мінабароны, 10 дзён не прайшло).