У Гомелі афіцэрамі запасу могуць стаць студэнты трох ВНУ. Навошта?

Жорж Кунцэвіч 27.09.2022

>

Студэнты Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Ф. Скарыны і Гомельскага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. Сухога маюць магчымасць праходзіць ваенную падрыхтоўку ў Беларускім універсітэце транспарту (БелДУТ). Адпаведную дамову аб сеткавай форме ўзаемадзеяння падпісалі рэктары трох ВНУ абласнога цэнтра.

Паводле “Гомельскай праўды”, падобнае пагадненне заключана ў Беларусі ўпершыню і на думку кіраўнікоў ВНУ дазволіць павысіць узровень падрыхтоўкі студэнтаў па праграмах афіцэраў запасу і якасна выконваць задачы згодна з атрыманай ваенна-ўліковай спецыяльнасці.

Да гэтага часу ваенную падрыхтоўку гомельскія студэнты праходзілі толькі на ваенна-транспартным факультэце БелДУТ.

Чаму на магчымасць ваеннай падрыхтоўкі ў Гомелі звярнулі ўвагу толькі зараз – можна толькі здагадвацца.

Усяго ў Беларусі ваенныя факультэты маюць сем вышэйшых навучальных устаноў. Гэта БНТУ, БДУ, БДУІР, БДАА, БДМУ ў Мінску, ГрДУ ў Гродна і БелДУТ у Гомелі.