Мазырскага палітвязня Яўгена Віславуха будуць судзіць ізноў

Жорж Кунцэвіч 04.01.2023

>

У судзе Мазырскага раёна на 11 студзеня прызначаны разгляд крымінальнай справы палітвязня Яўгена Віславуха, якога абвінавачваюць у абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Гэта яшчэ адна крымінальная справа, заведзеная на палітвязня. Першы прысуд палітвязню быў вынесены 19 верасня па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 130 “распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці альбо варажнечы”, ч. 3 арт. 203-1 “Незаконныя дзеянні ў адносінах інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных” і арт. 369 “абраза прадстаўніка ўлады”.

Судзілі яго ў Гомельскім абласным судзе. Быў асуджаны на 3,5 гады пазбаўлення волі і 4,2 тыс. рублёў. Справу вёў суддзя Анатоль Сотнікаў.

Новы суд мусіў распачацца яшчэ 1 снежня 2022 года, аднак яго перанеслі на 11 студзеня. Справу будзе разглядаць суддзя Галіна Кніжонак у закрытым рэжыме.

Нагадаем, палітзняволенага з Мазыра Яўгена Віславуха 23 снежня КДБ Беларусі уключыў у спіс "Асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці".