У Петрыкаве плануюць пабудаваць новы будынак РАУС коштам амаль пяць мільёнаў даляраў

Жорж Кунцэвіч 19.09.2023

>>

Гомельскае абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва праводзіць выбар генеральнай праектнай арганізацыі на будаўніцтва комплексу будынкаў і збудаванняў Петрыкаўскага РАУС. Для яго будаўніцтва выдзелена тэрыторыя плошчай 1,63 га, піша “Флагшток”.

У двухпавярховым адміністрацыйным будынку агульнай плошчай 2,9 тыс.м2 плануюць размясціць: інспекцыю па справах непаўналетніх, крымінальна-выканаўчую інспекцыю, аператыўна-дзяжурную службу, аддзел па грамадзянстве і міграцыі, аддзел ДАІ. Адміністрацыйны будынак прызначаны для працы 93 супрацоўнікаў. Акрамя рабочых кабінетаў, тут размесцяць музей, спартзалу, залу для пасядждэннящ на 94 чалавек і іншыя дапаможныя памяшканні.

Непасрэдна ў гэтым жа будынку будзе размешчаны і ізалятар часовага ўтрымання. У ІЧУ будзе 8 камер, прызначаных для размяшчэння 24 чалавек, а таксама аднамесныя карцэр і ізалятар.

На тэрыторыі комплексу таксама размесцяць гаражы для грузавога і легкавога спецтранспарту, навесы для аўтамабіляў, стаянкі для канфіскаваных транспартных сродкаў і наведвальнікаў, цір, пляц, дзве спартыўныя пляцоўкі і іншыя дапаможныя збудаванні.

Дадзенае РАУС стане найбуйнейшым міліцэйскім будынкам у раённым горадзе Гомельскай вобласці. Каштарысны кошт будаўніцтва комплексу складае 16,1 млн. рублёў, што на сённяшні дзень складае амаль 5 млн. долараў.

І гэта пры тым, што насельніцтва выміраючага зараз Петрыкаўскага раёна напачатку 2023 года складала ўсяго 25 тысяч чалавек.