Ва Украіне будуюць абарончыя рубяжы ўздоўж мяжы з Гомельшчынай
Цімур Казачэнка
18.03.2024
>
На поўначы
Ровенскай вобласці Украіны, дзе праходзіць мяжа з Брэсцкай і Гомельскай
абласцямі Беларусі, працягваюць ствараць доўгатэрміновыя абарончыя ўмацаванні.
Замест “славянскага братэрства”, пра якое, як
мантру, дзесяцігоддзямі цвердзілі правіцелі Беларусі і Расіі, суседні народ
вымушаны адгароджвацца абарончымі ўмацаваннямі. У выразнай каардынацыі з
вайскоўцамі працягваецца будаўніцтва выбуховых загарод і апорных пунктаў
узводаў. У прыватнасці, будаўнікі вядуць земляныя работы,
уладкоўваюць падключэнні і інш.
Работы вядуцца згодна з зацверджаным графікам. "Надзейная
фартыфікацыя сёння з'яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў нашай
работы", – адзначыў кіраўнік Ровенскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксандр Коваль.
Нагадаем, што ў пачатку нападу Расіі на Украіну ў
лютым 2022 г. расійскія войскі са згоды беларускага правячага рэжыму ўварваліся
ў суседнюю краіну і з тэрыторыі Гомельскай вобласці Беларусі, але з-за
няўдалага наступу ў гэтым накірунку былі выведзены назад праз Беларусь да
красавіка 2022 года.