"Давайце дапаможам яму стаць знакамітым на ўсю краіну”

Жорж Кунцэвіч 21.04.2023

>

Суд Рэчыцкага раёна пакараў жыхара раённага цэнтра Максіма Гапоненку за публічную абразу прадстаўніка ўлады пры выкананні ім службовых абавязкаў паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Паводле матэрыялаў справы Максім Гапоненка напрыканцы 2020 года ў “Аднакласніках” убачыў спасылку нейкага журналіста і, перайшоўшы па ёй, звярнуў увагу на фатаграфію мужчыны ў форме і прачытаў, што супрацоўнік міліцыі прымяняе сілу да мірных грамадзян. Яму гэта не спадабалася, і ён пакінуў каментар, у якім непрыстойна выказаўся пра супрацоўніка міліцыі і дадаў загаловак: "Давайце дапаможам яму стаць знакамітым на ўсю краіну”. Тым самым хацеў выказаць сваю нязгоду з тым, што да мірных грамадзян прымяняецца фізічная сіла.

У судзе Гапоненка прызнаў у поўным аб’ёме іскавыя патрабаванні па кампенсацыі маральнай шкоды ў суме 1 500 рублёў заяўленыя да яго пацярпелым.

Доўгі час вынікі судовага працэсу былі невядомыя. Высветлілася што 1 лістапада суддзя Вадзім Бобыраў пакараў Гапоненку абмежаваннем волі тэрмінам на два гады з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.