Суд Светлагорскага раёна па вынікі экалагічнай экспертызы праекту смярдзючага заводу параіў экаактывістам звяртацца да кітайцаў

Палеская Вясна 27.03.2019

20 сакавіка Суд Светлагорскага раёна разгледзеў скаргу актывісткі Тамары Кавальчук на адмову цэлюлоза-кардоннага камбіната (СЦКК), канцэрну “Беллеспаперпрам” і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прадстаўляць экалагічную інфармацыю, паведамляе сайт spring96. Раней светлагорскія экалагічныя актывісты ў гэтых арганізацыяў і ведамстваў запытвалі матэрыялы паўторнай экалагічнай экспертызы праекта завода беленай цэлюлозы (ЗБЦ). Але яны іх не атрымалі.

svietlahopsk_sud

На судовым пасяджэнні прысутнічала светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова. Яна паведаміла, што падчас суду прадстаўнікі Мінпрыроды занялі бок ЗБЦ і сцвярджалі, што экалагічная экспертыза ўвогуле не з'яўляецца экалагічнай інфармацыяй, на атрыманне якой грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права. Хаця, права на атрыманне экалагічнай інфармацыі прадугледжана як бясспрэчнае ў ратіфікаванай нашай краінай Орхускай канвенцыі аб ахове навакольнага асяроддзя. 

21 сакавіка суддзя Л. Сядзько вынесла рашэнне, якім адмовіла Тамары Кавальчук у задавальненні скаргі. Суддзя патлумачыла сваё рашэнне тым, што арганізацыі, на дзеянні якіх пададзена скарга, не з'яўляюцца ўладальнікамі запытваемай інфармацыі. Суд нагадаў, што генеральным заказчыкам будаўніцтва ЗБЦ з'яўляецца “Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМСЕ”. Таму і па інфармацыю наконт заводу трэба звяртацца да іх.

Masliukova

Алена Маслюкова каментуе гэтую сітуацыю:

Рашэнне суда банальна традыцыйнае — скаргу пакінуць без задавальнення. Здаецца, што беларускі суд не толькі з заплюшчанымі вачыма, але і з заткнутымі вушыма. Актыўных людзей не хоча ні бачыць, ні чуць.

Нелагічнай, можна лічыць, неправамернай, нам падаецца аргументацыя Мінпрыроды ў адмове прадаставіць вынікі паўторнай дзяржаўнай экалагічнай экспертызы на падставе таго, што яна не з'яўляецца экалагічнай інфармацыяй.

Праваабаронца нагадвае, што ў Кавальчук ёсць права абскардзіць рашэнне суда Светлагорскага раёна, чым абавязкова актывістцы трэба скарыстацца.