З першага разу не разабраліся. Абласны суд ўзяў тайм-аут, каб прыняць рашэнне наконт права "дармаедаў" звяртацца ў суд
Палеская Вясна
29.03.2019
28 сакавіка суддзя апеляцыйнай інстанцыі Гомельскага абласнога суда Жанна Андрэйчык пачала разгляд прыватнай скаргі хатняй гаспадыні Марыі Тарасенка на дзеянні суда чыгуначнага раёна Гомеля, які адмовіў жанчыне ў праве звярнуцца па судовую абарону сваіх правоў. Чыгуначны суд спаслаўся на тое, што ў Дэкрэце прэзідэнта № 3 не прапісана, што спрэчкі пра ўнясенне ў спісы "не занятых у эканоміцы" мусяць разглядацца ў судах.
Як паведамляе сайт Гомельская Вясна, на паседжанні апеляцыйнаяй інстанцыі абласнога суда пасля апытання самой заяўніцы і яе прадстаўніка - прававога інспектара працы прафсаюза РЭП Леаніда Судаленкі, суддзя ўзяла тайм-аўт. Наступнае паседжанне па скарзе не занятай у эканоміцы хатняй гаспадыні адбудзецца 11 красавіка.
У прыватнай скарзе абласному суду Марыя Тарасенка апелюе да артыкула 60 Канстытуцыі, які гарантуе кожнаму абарону правоў і свабодаў кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Гэта канстытуцыйная норма з'яўляецца нормай наўпроставага дзеяння. Такім чынам, і Марыя і яе прадстаўнік лічаць, што суд абавязаны быў распачаць справу, нават калі такое права для "незанятых у эканоміцы" не прапісана ў сумна вядомым, так званым "дармаедскім" Дэкрэце №3.
Нагадаем, суд Чыгуначнага раёна Гомеля адмовіў Марыі Тарасенка і ў спагнанні маральнай шкоды паводле яе пазову да так званых "дармаедскіх" камісіяў. У гэтай справе таксама цяпер рыхтуецца апеляцыйная скарга ў абласны суд.
Фота: Андрэй СТРЫЖАК