Афіцыйная падстава затрымання блогера Павука ў Акцябрскім - артыкул 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса

Палеская Вясна 28.03.2019

28 сакавіка падпалкоўнік юстыцыі Акцябрскага раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Круголь паведаміў вядомаму блогеру Андрэю Павуку, пра тое, што яго затрымалі ў парадку артыкула 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (КПК).

Следчы паведамляе, што яго ведамства не надзелена правам дачы ацэнкі законнасці затрымання органамі дазнання, а распачатая крымінальная справа па арт. 340 КК (заведама падманнае паведамленне аб мініраванні) перададзена для далейшага расследавання ў СК па Гомельскай вобласці.

Нагадаем, пасля ператрусу і канфіскацыі кампутараў і іншых носьбітаў інфармацыі Андрэй Павук паскардзіўся ў пракуратуру аб незаконнасці дзеянняў мясцовых пінкертонаў. Скаргу ў пракуратуру таксама падала і жонка блогера Вольга - яна заяўляе аб пакіданні людзьмі ў форме іх малалетняга дзіцяці ў небяспецы: бацьку забралі з хаты да прыходу жонкі, хаця Андрэй прасіў часу яе дачакацца, дзіця адно засталося ў кватэры. 

"Старшы лейтэнант міліцыі Дробаў І.В. запісаў у пастанове аб маім затрыманні, цытата: «Павук А.В. абгрунтавана падазраецца ў наўмысным, з мэтай прыняцця мер рэагавання з боку дзяржаўных органаў, здзяйсненні крымінальнага злачынства",

- цытуе ў скарзе пракурору міліцыянта блогер.

 "Менавіта на міліцыянту цяпер ляжыць абавязак даказаць гэтую абгрунтаванасць, а роўна, як і мой намер",

- дадаў Андрэй Павук.

Юрыст ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Леанід Судаленка заяўляе пра намер давесці справу блогера да суда.

"Падкрэсліваю, артыкул 108 КПК дапускае затрыманне, калі маюцца дастатковыя падставы падазраваць у здзяйсненні злачынства асобу пры ўмове, што яна спрабавала схавацца ці не мае пастаяннага месца жыхарства цi не асоба чалавека ўстаноўленая. У справе Андрэя Павука гэтае патрабаванне закона груба парушана людзьмі ў форме. Мы зараз хочам даведацца, на якім узроўні прымалася рашэнне аб затрыманні блогера, раз так лёгка быў растаптаны закон", 

- пракаментаваў сітуацыю юрыст.

Андрэй Павук - вядомы беларускі відэаблогер і сябра ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Ён вядзе ў сацсетках блог "Рудабельская паказуха", у якім крытыкуе мясцовую ўладу.

Гомельская вясна

 

Чытайце таксама: На блогера з Акцябрскага распачатая крымінальная справа за "мініраванне райвыканкаму"