Унесены змяненні ў Правілы месцаў адбывання адміністратыўнага арышту
Цімур Казачэнка
04.10.2022
>>
30 верасня афіцыйна апублікаваныя змяненні ў Правілах
унутранага распарадку месцаў адбывання адміністратыўнага арышту.
Пастанова аб змяненнях прынятая Міністэрствам
унутраных спраў 14 верасня за № 238. Змяненні ўнесены ў папярэднюю пастанову аб
гэтых Правілах, якая прымалася 20 кастрычніка 2015 г. за № 313.
Згодна новай пастанове, у пункт 22 Правіл, дзе
выкладзены парадак поўнага асабістага вобшуку чалавека, які паступае ў месца
адбывання адміністратыўнага арышту, дададзены ўказанні на тое, як павінна
правярацца яго адзенне і абутак: "Галаўныя ўборы, абутак,
адзенне старанна праглядаюцца і прамацваюцца, асабліва латкі, швы, каўнер,
падшэўка адзення", "абутак аглядаецца з вонкавага і ўнутранага боку і правяраецца
на выгін".
У частцы 2 пункта 29
Правіл, у якой гаварыцца аб агляданні месцаў правядзення прагулянкі
адміністратыўна арыштаваных да і пасля іх вываду на прагулянку, выдалены словы
аб тым, што агляд праводзіцца "ў неабходных выпадках".
У частцы 1 пункта 49, у
якім вызначаны парадак дагляду прадуктаў харчавання, перададзеных ці дасланых
адміністратыўна арыштаванаму, у пераліку аб тым, якія абгорткі ці пачкі
ўскрываюцца, дададзены словы "а таксама ўпакоўка іншых прадуктаў харчавання".
Гэта значыць, ускрывацца павінна любая ўпакоўка.
У пунктах 78 і 95 Правіл
словы "затрыманага", "затрыманых", якія з’яўляліся недакладнасцямі, заменены
адпаведна на словы "адміністратыўна арыштаванага", "адміністратыўна
арыштаваным".
Таксама ўнесены змяненні ў дадатак 2 да
Правіл, які называецца "Пералік прадметаў, рэчаў і прадуктаў
харчавання, якія адміністратыўна арыштаваныя могуць захоўваць пры сабе,
атрымліваць і адпраўляць". У пункт 1 гэтага "Пераліку" ўключана палажэнне аб
тым, што пералік прадуктаў харчавання, якія адміністратыўна арыштаваныя могуць
захоўваць пры сабе, можа быць абмежаваны паводле прадпісання
санітарна-эпідэміялагічнай службы (калі такога прадпісання няма, то дазваляюцца
любыя прадукты, акрамя тых, якія патрабуюць цеплавой апрацоўкі, хутка псуюцца і
са скончаным тэрмінам захоўвання, а таксама дрожджаў, алкагольных,
слабаалкагольных напояў і піва).
З прадметаў і рэчаў, якія
адміністратыўна арыштаваныя могуць захоўваць пры сабе, выключаны наручны альбо
кішэнны гадзіннік, кішэннае люстэрка і электракіпяцільнік. Такім чынам,
адміністратыўна арыштаваныя цяпер не будуць ведаць дакладны час. У гэтыя
прадметы дададзена пластмасавая кружка.
Поўныя тэксты Правіл і
змяненняў у іх змешчаны на інтэрнет-партале pravo.by.
Як правіла, месцамі
адбывання адміністратыўных арыштаў з’яўляюцца ізалятары часовага ўтрымання
(ІЧУ) раённых і гарадскіх аддзелаў (упраўленняў) унутраных спраў. Неабходна
разумець, што адміністратыўна арыштаваным
чалавек з’яўляецца з моманту абвяшчэння пастановы суда. Дадзеныя правілы не
адносяцца да адміністратыўна затрыманых
асобаў, якія знаходзяцца пад вартай да суда.
На здымку: ІЧУ у г. Рэчыца.