Палітзняволеную Крысціну Чаранкову перавялі ў Мазыр, суд прызначаны на кастрычнік
Жорж Кунцэвіч
28.09.2022
Суд над мазырскай
палітзняволенай Крысцінай Чаранковай адбудзецца прыкладна ў сярэдзіне
кастрычніка. Крымінальная справа перададзеная ў суд, а дзяўчыну з гомельскага
СІЗА 19 верасня перавялі ў Мазырскі ІЧУ.
Крысціну Чаранкову
затрымалі 22 сакавіка 2022 года ў Мазыры ў межах крымінальнай справы за
некалькі пастоў у Інстаграме па арт. 130 Крымінальнага кодэкса (Распальванне
сацыяльнай варожасці). Тры дні таму было роўна паўгода,
як яе ўтрымліваюць за кратамі.
"Ужо шэсць месяцаў я знаходжуся ў турме. Цэлых паўгода
... здаецца, што не мала, але час праляцеў імгненна. Нават не верыцца. Вельмі
сумую па ўсім! Верагодна, у кастрычніку пачнуцца суды. Трымайце за мяне
кулачкі! Ваша падтрымка цяпер мне вельмі неабходная! Усіх абдымаю", - напісала яна сваякам.