За верасень беларускія суды рэпрэсавалі не менш за 114 чалавек па палітычных матывах

Жорж Кунцэвіч 04.10.2022

>

Праваабарончы цэнтр "Вясна" на працягу верасня фіксаваў тэндэнцыю крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян па палітычных матывах. ПЦ "Вясна" вядома пра не менш як 114 асуджаных у верасні грамадзян, з якіх 23 жанчыны і 91 мужчына.

У дачыненні да аднаго чалавека, які знаходзіцца за межамі Беларусі, крымінальны пераслед за абразу прэзідэнта быў спынены ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў прыцягнення да адказнасці.

Праваабаронцы зафіксавалі, што ў верасні судовая сістэма працягвала ўжываць да рэпрэсаваных пакарання, звязаныя з пазбаўленнем і абмежаваннем волі. Сумарна, за верасень, па вядомых ПЦ "Вясна" справах, суды вынеслі:

  • 412 гадоў пазбаўлення волі ў дачыненні да 79 чалавек;
  • 17 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія") у дачыненні да 7 чалавек;
  • 76 гадоў і 6 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія") у дачыненні да 28 чалавек;
  • 10400 базавых велічынь штрафу на суму 332800 рублёў у якасці дадатковага пакарання для 31 чалавека разам з пазбаўленнем (для 30 асуджаных) і абмежаваннем волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову (для аднаго чалавека).

Паводле вядомых праваабаронцам прысудаў у верасні суды ўжывалі пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, у 69.3% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ ("хімія") суды выкарыстоўвалі ў якасці пакарання ў 6.14% выпадкаў. Абмежаванне волі без накіравання ў ПУАТ ("хатняя хімія") ужывалася ў 24.56% выпадках асуджэння грамадзян.

Такім чынам, у верасні пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе "хіміі" і "хатняй хіміі", суды ўжывалі ў 100% выпадках асуджэння фігурантаў палітычна матываваных крымінальных спраў.